Прытчы 14

1

Мудрая жонка ўладкуе свой дом, а неразумная разбурыць яго сваімі рукамі.

2

Хто ідзе простаю дарогаю, баіцца Госпада; а чые дарогі крывыя, той ня дбае пра Яго.

3

У вуснах у немысьля — біч на яго ганарыстасьць; а вусны мудрых ахоўваюць самыя сябе.

4

Дзе няма валоў, там — ясьлі пус­тыя; а багата ж прыбытку ад сілы валоў.

5

Верны сьведка ня хлусіць, а ілжу пашырае сьведка ілжывы.

6

Распусны шукае мудрасьці і не зна­ходзіць; а разумны лёгка набывае веды.

7

Адыдзі ад чалавека пустога, у якога ты ня бачыш разумных вуснаў.

8

Мудрасьць разумнага — што ён зважае на дарогу сваю, а дурасьць не­мысьляў — толькі ашука.

9

Неразумныя сьмяюцца з грэху, а сярод праведных — Божая мілата.

10

Сэрца ведае горыч сваю, і чужы­нец ня дзеліць радасьці ягонай.

11

Дом беззаконных зруйнуецца, а жытлішча праведных расьцьвіце.

12

Ёсьць шляхі, якія здаюцца чала­веку простымі; але канец іх — шлях сьмерці.

13

І ад сьмеху часам баліць сэрца, і канцом радасьці бывае смутак.

14

Чалавек з разбэшчаным сэрцам насыціцца ад дарог сваіх, і добры — ад сваіх.

15

Немысель верыць кожнаму слову, а разумны зважае на крокі свае.

16

Мудры баіцца і ўнікае зла, а нера­зумны раздражнёны і саманадзейны.

17

Запальчывы можа ўчыніць глу­пства; а чалавек, які наўмысна чыніць благое, ненавісны.

18

Невукі спадкуюць дурасьць, а ра­зумных увенчваюць веды.

19

Схіляцца ліхія перад добрымі, і бязбожныя — каля варот праведніка.

20

Беднага ненавідзіць, бывае, нават блізкі яго, а ў багатага многа сяброў.

21

Хто пагарджае блізкім сваім, той грэшыць; а мілажальны да бедных, той шчасны.

22

Ці не памыляюцца тыя, што на­мышляюць ліхое? Мілажаль і вернасьць у тых, што намышляюць добрае.

23

Ад усякае працы ёсьць прыбытак, а ад пустаслоўя толькі пахіба.

24

Вянок мудрых — багацьце іхняе, а дурасьць невукаў дурасьць і ёсьць.

25

Верны сьведка ратуе душы, а ілжывы нагаворвае шмат ілжы.

26

У страху перад Госпадам — над­зея цьвёрдая, і сынам сваім Ён прыс­танішча.

27

Страх Гасподні — крыніца жыцьця, што аддаляе ад сетак сьмерці.

28

У мностве народу — веліч цара, а пры малалюдзтве — бяда ўладару.

29

У цярплівага чалавека багата ро­зуму, а ў палкага многа дурасьці.

30

Ціхмянае сэрца — жыцьцё целу, а зайздрасьць — гнілізна касьцям.

31

Хто ўціскае беднага, той ганіць Творцу яго; а хто шануе Яго, той творыць дабро беднаму.

32

За ліха сваё бязбожны будзе адкінуты, а праведны і пры сьмерці сваёй мае надзею.

33

Мудрасьць у сэрцы ў разумнага, і сярод неразумных яна адкрываецца.

34

Праведнасьць узвышае народ, а беззаконьне — ганьба народаў.

35

Ласка царова — рабу разумнаму, а гнеў цара — супроць таго, хто ганьбіць яго.