Прытчы 13

1

Мудры сын слухае бацькавых на­стаўленьняў; а насьмешнік ня слухае за­сьцярогаў.

2

Ад плоду вуснаў сваіх чалавек спа­жывае дабро, а душа здраднікаў закона — зло.

3

Хто захоўвае вусны свае, той за­хоўвае душу сваю, а хто шырока свой рот разьзяўляе, таму бяда.

4

Душа гультая жадае, але марна: а душа руплівых насыціцца.

5

Праведнік ненавідзіць ілжывае слова, а бязбожны сарамаціць і ганьбіць сябе.

6

Праўда ахоўвае беззаганнага ў да­розе, а бязбожнасьць губіць грэшнікаў.

7

Сёй-той выдае сябе за багатага, а ў яго нічога няма; другі сябе за беднага, а ў яго багацьця многа.

8

Багацьцем сваім чалавек адкупляе жыцьцё сваё, а бедны і пагрозы ня чуе.

9

Сьвятло праведных весела гарыць; а сьветач бязбожных тухне.

10

Ад пыхі паходзіць разлад, а ў тых, што раяцца, — мудрасьць.

11

Багацьце ад марнасьці памянша­ецца, а хто зьбірае працаю, памнажае яго.

12

Надзея, якая доўга ня праўдзіцца, стамляе сэрца, а жаданьне, якое споўнілася, — як дрэва жыцьця.

13

Хто пагарджае словам, той робіць шкоду сабе; а хто баіцца запаведзі, будзе ўзнагароджаны.

14

Навука ў мудрага — крыніца жыцьця, якая аддаляе ад сьмерці.

15

Добры розум дае зычлівасьць; а дарога бязбожных цьвёрдая.

16

Кожны разумны дзее зь ведань­нем, а немысель выстаўляе на паказ ду­расьць.

17

Неразумны пасол трапляе ў бяду, а верны пасланец — ратунак.

18

Галеча і ганьба таму, хто пагард­жае навукай; а хто трымаецца на­стаўленьня, пашанаваны будзе.

19

Жаданьне, якое споўнілася, — прыемнае душы; агідна неразумнаму ўхіляцца ад зла.

20

Хто сябруе з мудрым, будзе мудры; а хто сябруе зь неразумнымі, раз­бэсьціцца.

21

Грэшнікаў даганяе зло, а пра­веднікам дасца дабро.

22

Добры пакідае спадчыну і ўнукам, а багацьце грэшніка зьберагаецца правед­наму.

23

Шмат хлеба бывае і на палетку ў бедных; але маёмасьць гіне ад бяспраўя.

24

Хто шкадуе дубца свайго, той не­навідзіць сына; а хто любіць, той змалку карае яго.

25

Праведнік есьць да сытасьці, а жывот бязбожных церпіць нястачы.