Выхад 6

1

І сказаў Гасподзь Майсею: цяпер убачыш ты, што Я зраблю з фараонам: дзеяньнем рукі моцнай ён адпусьціць іх; дзеяньнем рукі моцнай нават прагоніць іх зь зямлі сваёй.

2

І маўляў Бог Майсею і сказаў яму: Я Гасподзь.

3

Яўляўся Я Абрагаму, Ісааку і Якаву з імем "Бог Усемагутны"; а зь імем Маім "Гасподзь" не адкрыўся ім;

4

і Я паклаў заруку Маю зь імі, каб даць ім зямлю Ханаанскую, зямлю вандраваньня іхняга, у якой яны вандравалі.

5

І Я пачуў стогны сыноў Ізраілевых пра тое, што Егіпцяне трымаюць іх у няволі, і ўспомніў заруку Маю.

6

Дык вось, скажы сынам Ізраілевым: Я Гасподзь, і выведу вас з-пад ярма Егіпцянаў, і выбаўлю вас зь няволі іхняй, і выратую вас рукою працягнутаю і судамі вялікімі;

7

і прыму вас Сабе ў народ і буду вам Богам, і вы ўведаеце, што Я Гасподзь, Бог ваш, Які вывеў вас з-пад ярма Егіпецкага:

8

і выведу вас у тую зямлю, якую Я, падняўшы руку Маю, прысягаўся даць яе Абрагаму, Ісааку, і Якаву, і дам вам яе ў спадчыну. Я Гасподзь.

9

Майсей пераказаў гэта сынам Ізраілевым: але яны не паслухаліся Майсея з маладушнасьці і цяжкасьці працы.

10

І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:

11

увайдзі, скажы фараону, цару Егіпецкаму, каб ён адпусьціў сыноў Ізраілевых зь зямлі сваёй.

12

І сказаў Майсей перад Госпадам, кажучы: вось, сыны Ізраілевыя ня слухаюцца мяне; як жа паслухаецца мяне фараон? а я не красамоўны.

13

І маўляў Гасподзь Майсею і Аарону, і даваў ім загады сынам Ізраілевым і фараону, цару Егіпецкаму, каб вывесьці сыноў Ізраілевых зь зямлі Егіпецкай.

14

Вось правадыры іх пакаленьняў: сыны Рувіма, першынца Ізраілевага: Ханох і Фалу, Хецрон і Храмі: гэта сямействы Рувімавыя.

15

Сыны Сымона: Емуіл і Ямін, і Агад і Яхін, і Цахар і Саўл, сын Хананэйкі; гэта сямейства Сымонава.

16

Вось імёны сыноў Лявія паводле родаў іх: Гірсон, і Кааф, і Мэрары. А гадоў жыцьця Лявія было сто трыццаць сем.

17

Сыны Гірсона: Ліўні і Шымэі зь сямействамі іхнімі.

18

Сыны Каафавыя: Амрам і Іцгар, і Хэўрон і Узііл. А гадоў жыцця Каафа было сто трыццаць тры гады.

19

Сыны Мэрары: Махлі і Мушы. Гэта сямействы Лявія паводле родаў іхніх.

20

Амрам узяў Ёхавэду, цётку сваю, сабе за жонку, і яна нарадзіла яму Аарона і Майсея. А гадоў жыцьця Амрама было сто трыццаць сем.

21

Сыны Іцгаравыя: Карэй і Нэфэг і Зіхры.

22

Сыны Узіілавы: Місаіл і Элцафан і Сітры.

23

Аарон узяў сабе за жонку Елісавету, дачку Амінадававу, сястру Наасонаву, і яна нарадзіла яму Надава і Авіуда, Элеазара і Ітамара.

24

Сыны Карэя: Асір, Элкана і Авіясаф: гэта сямействы Карэевыя.

25

Элеазар, сын Ааронаў, узяў сабе за жонку адну з дочак Футыілавых, і яна нарадзіла яму Фінээса. Вось правадыры пакаленьняў лявіцкіх паводле сямействаў іхніх.

26

Аарон і Майсей, гэта — тыя, каму сказаў Гасподзь: выведзіце сыноў Ізраілевых зь зямлі Егіпецкай паводле рушэньняў іхніх.

27

Яны ж і казалі фараону, цару Егіпецкаму, каб вывесьці сыноў Ізраілевых зь Егіпта; гэта Майсей і Аарон.

28

Дык вось, у той час, калі Гасподзь казаў Майсею ў зямлі Егіпецкай,

29

Гасподзь сказаў Майсею, кажучы: Я Гасподзь! скажы фараону, цару Егіпецкаму, усё, што Я кажу табе.

30

А Майсей сказаў перад Госпадам: вось, я не красамоўны: як жа паслухаецца мяне фараон?