Выхад 28

1

І вазьмі да сябе Аарона, брата твайго, і сыноў ягоных зь ім з асяродзьдзя сыноў Ізраілевых, каб ён быў сьвятаром Мне, Аарона і Надава, Авіуда, Элеазара і Ітамара, сыноў Ааронавых.

2

І зрабі сьвяшчэнную вопратку Аарону, брату твайму, дзеля славы і аздобнасьці.

3

І скажы ўсім, хто мудры сэрцам, каго Я напоўніў духам мудрасьці, каб яны зрабілі Аарону вопратку дзеля пасьвячэньня яго, каб ён быў сьвятаром Мне.

4

Вось вопратка, якую яны павінны справіць: нагруднік, эфод , верхняя рыза, хітон сьцяжны, кідар і пояс. Няхай справяць сьвяшчэннае адзеньне Аарону, брату твайму, і сынам ягоным, каб ён быў сьвятаром Мне.

5

Хай яны возьмуць золата, блакітнай і пурпуровай і чырванёнай воўны і вісону,

6

і зробяць эфод з золата, з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны, і з суканага вісону, адмысловага вырабу.

7

У ім павінны быць на абодвух канцах яго два нарамнікі дзеля павязваньня, каб ён быў павязаны.

8

І пояс эфода, які паверх яго, павінен быць аднолькавага зь ім вырабу, з золата, з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны і з суканага вісону.

9

І вазьмі два камені аніксу і выраж на іх імёны сыноў Ізраілевых:

10

шэсьць імёнаў іхніх на адным камені і шэсьць імёнаў астатніх на другім камені, у парадку іх нараджэньня;

11

разьбяр па камені, які выразае пячаткі, хай выража на двух камянях імёны сыноў Ізраілевых; і ўстаў іх у залатыя гнёзды

12

і пакладзі два камені гэтыя на нарамнікі эфода;гэта камяні на памяць сынам Ізраілевым; і будзе Аарон насіць імёны іх перад Госпадам на абодвух плячах сваіх дзеля памяці.

13

І зрабі гнёзды з золата;

14

і два ланцужкі з чыстага золата, вітымі зрабі іх вырабам плеценым; і прымацуй вітыя ланцужкі да гнёздаў..

15

Зрабі нагруднік судны адмысловага вырабу; зрабі яго такім самым вырабам, як эфод: з золата, з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны і з суканага вісону зрабі яго;

16

ён павінен быць чатырохкутны, падвойны, на пядзю ў даўжыню і на пядзю ў шырыню:

17

і ўстаў у яго апраўленыя камяні ў чатыры рады; побач рубін, тапаз, смарагд — гэта адзін рад;

18

другі рад: карбункул, сапфір і адамант:

19

трэці рад: карунд, агат і аметыст;

20

чацьвёрты рад: хрызаліт, анікс і ясьпіс; у залатыя гнёзды павінны быць устаўлены яны.

21

Гэтых камянёў павінна быць дванаццаць, па колькасьці, паводле імёнаў іх; на кожным, як на пячатцы, павінна быць выразана па адным імю зь ліку дванаццаці плямёнаў.

22

Да нагрудніка зрабі ланцужкі вітыя плеценага вырабу з чыстага золата;

23

і зрабі да нагрудніка два колцы з золата і прымацуй два колцы да двух канцоў нагрудніка;

24

і ўкладзі два пляцёныя ланцужкі з золата ў абодва колцы на канцах нагрудніка,

25

а два канцы двух ланцужкоў прымацуй да двух гнёздаў і прымацуй да нарамніка эфода зь відавога боку яго;

26

яшчэ зрабі два колцы залатыя і прымацуй іх да двух другіх канцоў нагрудніка на тым баку, які ляжыць да эфода ўсярэдзіну;

27

таксама зрабі два колцы залатыя і прымацуй іх да двух нарамнікаў эфода зьнізу, зь відавога боку яго, каля злучэньня яго, над поясам эфода;

28

і прымацоўваць нагруднік колцамі яго да колцаў эфода шнурком з блакітнай воўны, каб ён быў над поясам эфода, і каб не спадаў нагруднік з эфода.

29

І будзе насіць Аарон імёны сыноў Ізраілевых на нагрудніку судным каля сэрца свайго, калі будзе ўваходзіць у сьвятыню, дзеля заўсёднай памяці перад Госпадам.

30

На нагруднік судны пакладзі урым і тумім, і яны будуць каля сэрца Ааронавага, калі будзе ён уваходзіць перад аблічча Гасподняе; і будзе Аарон заўсёды насіць суд сыноў Ізраілевых каля сэрца свайго перад абліччам Гасподнім.

31

І зрабі верхнюю рызу да эфода ўсю блакітную;

32

пасярэдзіне яе павінна быць прарэха для галавы; па краі прарэхі вакол павінна быць абшыўка тканая, як у адтуліне ў панцыры, каб ня дралася;

33

на прыполе яе зрабі яблыкі зь нітак блакітнага, яхантавага, пурпуровага і чырванёнага колеру, вакол па прыполе яе; чашачкі залатыя пасярод іх наўкола:

34

залатая чашачка і яблык, залатая чашачка і яблык, па прыполе верхняй рызы наўкола;

35

яна будзе на Аароне ў набажэнстве, каб чуцен быў ад яго гук, калі ён будзе ўваходзіць у сьвятыню перад аблічча Гасподняе і калі будзе выходзіць, каб яму не памерці.

36

І зрабі паліраваную дошчачку з чыстага золата, і выраж на ёй, як выразаюць на пячатцы: "Сьвятасьць Госпаду",

37

і прымацуй яе шнурком блакітнага колеру да кідара, так каб яна была зь відавога боку кідара;

38

і будзе яна на лобе Ааронавым, і панясе на сабе Аарон недахопы прынашэньняў, пасьвячаных сынамі Ізраілевымі, і ўсіх дарункаў, што імі прыносяцца; і будзе яна ўвесь час на лобе ў яго, дзеля ўпадабаньня Гасподняга да іх.

39

І зрабі зхітон зь вісону і кідар зь вісону і зрабі пояс узорыстага вырабу;

40

зрабі і сынам Ааронавым хітоны, зрабі ім паясы, і павязкі на галаву зрабі ім дзеля славы і аздобнасьці,

41

і апрані ў іх Аарона, брата твайго, і сыноў ягоных зь ім, і памаж іх, і напоўні рукі іхнія, і прысьвяці іх, і яны будуць сьвятарамі Мне.

42

І зрабі ім сподняе ільняное, каб прыкрываць цялесную галізну ад паясьніцы да галеняў,

43

і хай будзе яно на Аароне і на сынах ягоных, калі будуць яны ўваходзіць у скінію сходу, альбо прыступаць да ахвярніка, каб служыць у сьвятыні, каб ім не навесьці грэху і не памерці. Гэта статут вечны, яму і нашчадкам ягоным пасьля яго.