Выхад 26

1

А скінію зрабі зь дзесяці заслонаў з суканага вісону, і з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны, і херувімаў зрабі на іх майстэрскаю працаю;

2

даўжыня кожнай заслоны дваццаць восем локцяў, а шырыня кожнай заслоны чатыры локці: мера адна ўсім заслонам.

3

Пяць заслонаў няхай будуць злучаны адно з адным, і іншыя пяць заслонаў злучаны адна з адной.

4

Зрабі петлі блакітнага колеру на краі першай заслоны ў канцы, які злучае абедзьве палавіны; так зрабі і на краі апошняй заслоны, якаяое злучае абедзьве палавіны;

5

пяцьдзясят петляў зрабі ў адной заслоны і пяцьдзясят петляў зрабі на краі заслоны, якая злучаецца зь іншымі; петлі павінны адпавядаць адна адной;

6

і зрабі пяцьдзясят гачыкаў залатых і гачыкамі злучы заслоны адно з адной, і будзе скінія адно цэлае.

7

І зрабі заслоны з казінае воўны, каб пакрываць скінію; адзінаццаць заслонаў зрабі такіх;

8

даўжыня адной заслоны трыццаць локцяў, а шырыня чатыры локці; гэта адно заслона; у адзінаццаці заслонаў адна мера.

9

і злучы пяць заслонаў асобна і шэсьць заслонаў асобна; і шостую заслону зрабі падвойную зь відавога боку скініі.

10

Зрабі пяцьдзясят петляў на краі крайняй заслоны, каб злучаць яе зь іншаю, і пяцьдзясят петляў на краі другой заслоны, каб злучаць зь ёю;

11

зрабі пяцьдзясят гачыкаў медных, і ўкладзі гачыкі ў петлі, і злучы заслону, каб яна складала адну.

12

А лішак, які застаецца ад заслонаў скініі,— палавіна лішняй заслоны хай будзе зьвешана на тыльным баку скініі;

13

а лішак ад заслоны скініі, на локаць з аднаго і на локаць з другога боку, хай будзе зьвешаны з бакоў скініі з таго і з другога боку, для пакрываньня яе.

14

І зрабі века для пакрываньня са скур барановых чырвоных і яшчэ заслону верхнюю са скур сініх.

15

І зрабі брусы для скініі з дрэва сітым, каб яны стаялі:

16

даўжынёю ў дзесяць локцяў брус, і паўтара локця кожнаму брусу шырыня;

17

у кожным брусе па дзьве восьці, адну насупраць другое: так зрабі на ўсіх брусах скініі.

18

Так зрабі брусы ў скінію: дваццаць брусоў на паўднёвы бок на поўдзень,

19

і пад дваццаць брусоў зрабі сорак срэбраных падножжаў: два падножжы пад адзін брус на дзьве восьці яго, і два падножжы пад другі брус на дзьве восьці яго;

20

і дваццаць брусоў на другі бок на поўнач,

21

і на іх сорак падножжаў срэбраных: два падножжы пад адзін брус, і два падножжы пад другі брус;

22

а на тыльным баку скініі на захад зрабі шэсьць брусоў

23

і два брусы зрабі на вуглы скініі на заходні бок;

24

яны павінны быць злучаны ўнізе і злучаны ўгары да аднаго колца: так мае быць зь імі абодвума: на абодва вуглы хай яны будуць;

25

і так будзе восем брусоў, для іх срэбраных падножжаў шаснаццаць: два падножжы пад адзін брус, і два падножжы пад другі брус.

26

І зрабі жэрдзі з дрэва сітым, пяць жэрдак для брусоў аднаго боку скініі,

27

і пяць жэрдак для брусоў другога боку скініі, і пяць жэрдак для брусоў тыльнага боку за скініяй, на захад;

28

а ўнутраная жэрдка будзе праходзіць па сярэдзіне брусоў ад аднаго канца да другога:

29

а брусы абкладзі золатам, і колцы, для ўкладваньня жэрдак, зрабі з золата, і жэрдкі абкладзі золатам.

30

І пастаў скінію паводле ўзору, які паказаў табе на гары.

31

І зрабі заслону з блакітнай, пурпуровай і чырванёнай воўны і суканага вісону; умелаю працаю павінны быць зроблены на ёй херувімы;

32

і павесь яе на чатырох слупах зь сітыму, абкладзеных золатам, з залатымі гачыкамі, на чатырох падножжах срэбраных;

33

і павесь заслону на гачыках і ўнясі туды за заслону каўчэг адкрыцьця; і будзе заслона аддзяляць вам сьвятыню ад Сьвятога сьвятых.

34

І пакладзі вечка на каўчэг адкрыцьця ў Сьвятым сьвятых.

35

І пастаў стол за заслонай і сьвяцільню насупраць стала на баку скініі на поўдзень; а стол пастаў на паўночным баку.

36

І зрабі заслону для ўваходу ў скінію з блакітнай і пурпуровай і чырванёнай воўны, і з суканага вісону ўзорыстага вырабу;

37

і зрабі для заслоны пяць слупоў зь сітыму і абкладзі іх золатам; гачыкі да іх залатыя; і вылі для іх пяць падножжаў медных.