Выхад 24

1

І Майсею сказаў Ён: узыдзі да Госпада ты і Аарон, Надаў і Авіуд і семдзесят старэйшынаў Ізраілевых, і пакланецеся здалёк;

2

Майсей адзін няхай наблізіцца да Госпада, а яны няхай не набліжаюцца, і народ хай не падымаецца зь ім.

3

І прыйшоў Майсей і пераказаў людзям усе словы Гасподнія і ўсе законы. І адказаў увесь люд у адзін голас і сказалі: усё, што сказаў Гасподзь, зробім.

4

І напісаў Майсей усе словы Гасподнія, і ўстаўшы з самае раніцы, паставіў пад гарою ахвярнік і дванаццаць камянёў, паводле ліку дванаццаці плямёнаў Ізраілевых;

5

і паслаў хлопцаў з сыноў Ізраілевых, і прынесьлі яны цэласпаленьні і закалолі цялят у мірную ахвяру Госпаду.

6

Майсей, узяўшы палавіну крыві, уліў у чары, а другою палавінаю акрапіў ахвярнік;

7

і ўзяў кнігу запавету і прачытаў уголас люду, і сказалі яны: усё, што сказаў Гасподзь, зробім і будзем паслухмяныя.

8

І ўзяў Майсей крыві і акрапіў народ, кажучы: вось кроў запавету, які Гасподзь склаў з вамі пра ўсе словы гэтыя.

9

Потым узышоў Майсей і Аарон, Надаў і Авіуд і семдзесят старэйшынаў Ізраілевых,

10

і бачылі Бога Ізраілевага; і пад нагамі ў Яго нешта падобнае на твор з чыстага сапфіру і, як самое неба, яснае.

11

І Ён не прасьцёр рукі Сваёй на выбраных з сыноў Ізраілевых: яны бачылі Бога, і елі і пілі.

12

І сказаў Гасподзь Майсею: узыдзі да Мяне на гару і будзь там; і дам табе скрыжалі каменныя, і закон і запаведзі, якія Я напісаў, каб навучыцца іх.

13

І ўстаў Майсей зь Ісусам, службітом сваім, і пайшоў Майсей на гару Божую,

14

а старэйшынам сказаў: заставайцеся тут, пакуль мы ня вернемся да вас; вось Аарон і Ор з вамі; хто будзе мець клопат які, хай прыходзіць да іх.

15

І ўзышоў Майсей на гару, і пакрыла воблака гару,

16

і слава Гасподняя асяніла гару Сінай; і пакрывала яе воблака шэсьць дзён, а ў сёмы дзень Гасподзь усклікнуў Майсею зь сярэдзіны ввоблака.

17

А выгляд славы Гасподняй наверсе гары быў перад вачыма сыноў Ізраілевых, як агонь паглынальны.

18

І ўвайшоў Майсей у сярэдзіну воблака і ўзышоў на гару; і быў Майсей на гары сорак дзён і сорак ночаў.