Выхад 19

1

На трэцім месяцы пасьля выхаду сыноў Ізраіля зь зямлі Егіпецкай, у самы дзень маладзіка, прыйшлі яны ў пустыню Сінайскую.

2

І рушылі яны з Рэфідыма, і прыйшлі ў пустыню Сінайскую, і сталі там табарам у пустыні: і стаў там Ізраіль табарам насупраць гары.

3

Майсей узышоў да Бога, і заклікаў яго Гасподзь з гары, кажучы: так скажы дому Якава і абвясьці сынам Ізраіля:

4

вы бачылі, што Я зрабіў Егіпцянам, і як Я насіў вас на арліных крылах, і прынёс вас да Сябе;

5

дык вось, калі вы будзеце слухацца голасу Майго і шанаваць запавет Мой, дык будзеце Маім скарбам з усіх народаў, бо Мая ўся зямля,

6

а вы будзеце ў Мяне царствам сьвятароў і народам сьвятым; вось словы, якія ты скажаш сынам Ізраілевым.

7

І прыйшоў Майсей і склікаў старэйшынаў народу і прапанаваў ім усе гэтыя словы, якія наказаў яму Гасподзь.

8

І ўвесь народ адказаў у адзін голас, кажучы: усё, што сказаў Гасподзь, выканаем. І данёс Майсей словы народу да Госпада.

9

І сказаў Гасподзь Майсею: вось, Я прыйду да цябе ў густым воблаку, каб чуў народ, як Я буду гаварыць з табою, і паверыў табе назаўсёды. І Майсей абвясьціў словы народу да Госпада.

10

І сказаў Гасподзь Майсею: ідзі да народу, і асьвяці яго сёньня і заўтра; хай вымыюць вопратку сваю,

11

каб быць гатовымі да трэцяга дня: бо на трэці дзень сыйдзе Гасподзь на вачах ва ўсяго народу на гару Сінай;

12

і правядзі народу рысу з усіх бакоў і скажы: сьцеражэцеся ўзыходзіць на гару і дакранацца да падножжа яе: кожны, хто дакранецца да гары, аддадзены будзе сьмерці;

13

хай рука не дакранецца да яго, а хай паб'юць яго камянямі, альбо застрэляць стралою; хай то быдла, хай чалавек, а хай не застанецца жывы; у час працяглага трубнага гуку, могуць яны ўзысьці на гару.

14

І сышоў Майсей з гары да людзей і асьвяціў людзей, і яны вымылі вопратку сваю.

15

І сказаў народу: будзьце гатовыя да трэцяга дня; не дакранайцеся да жонак.

16

На трэці дзень, як заналася раніца, былі грымоты і маланкі, і густая хмара над гарою і трубны гук даволі моцны: і затрымцеў увесь народ, які быў у табары.

17

І вывеў Майсей людзей з табара насустрач Богу, і сталі каля падножжа гары.

18

А гара Сінай уся дымілася ад таго, што Гасподзь сышоў на яе ў агні; і падымаўся ад яе дым, як дым зь печы, і ўся гара моцна хісталася:

19

і гук трубны рабіўся мацнейшы і мацнейшы. Майсей гаварыў, і Бог адказваў яму голасам.

20

І сышоў Гасподзь на гару Сінай, на вяршыню гары, і заклікаў Гасподзь Майсея на вяршыню гары, і ўзышоў Майсей.

21

І сказаў Гасподзь Майсею: сыйдзі і пацьвердзі народу, каб ён не парываўся да Госпада ўбачыць Яго, і каб не загінулі многія зь яго:

22

а сьвятары, якія набліжаюцца да Госпада, павінны асьвяціць сябе, каб ня ўразіў іх Гасподзь.

23

І сказаў Майсей Госпаду: ня можа народ узысьці на гару Сінай: бо Ты папярэдзіў нас, сказаўшы: правядзі мяжу вакол гары і асьвяці яе.

24

І Гасподзь сказаў яму: ідзі, сыйдзі, потым узыйдзі ты і з табою Аарон: а сьвятары і народ няхай не парываюцца ўзыходзіць да Госпада, каб Гасподзь ня ўразіў іх.

25

І сышоў Майсей да людзей і пераказаў ім.