Псалмы 98

1

Псальма Давідава. Валадарыць Гасподзь: хай дрыжаць народы! Ён сядзіць на хэрувімах: хай трасецца зямля!

2

Гасподзь на Сіёне вялікі, і высокі Ён над усімі народамі.

3

Хай славіць вялікае і грознае імя Тваё: сьвятое яно!

4

І магутнасьць цара любіць суд. Ты сьцьвердзіў справядлівасьць; суд і праўду Ты ўчыніў у Якаве.

5

Праслаўляйце Госпада, Бога нашага, і пакланяйцеся падножжу Ягонаму: сьвятое яно!

6

Майсей і Аарон паміж сьвятарамі, і Самуіл паміж тымі, хто кліча імя Ягонае, клікаў да Госпада, і Ён слухаў іх;

7

У слупе хмарным прамаўляў Ён да іх; яны захоўвалі Яго запаведзі і пастановы, якія Ён даў ім.

8

Госпадзе, Божа наш! Ты слухаў іх; Ты быў ім Богам, Які даруе і карае за дзеі іхнія.

9

Праслаўляйце Госпада, Бога нашага, і пакланяйцеся на сьвятой гары Ягонай; бо сьвяты Гасподзь, Бог наш.