Псалмы 96

1

Псальма Давіда, калі ўладжвалася зямля ягоная. Валадарыць Гасподзь: хай радуецца зямля; хай весяляцца шматлікія выспы.

2

Хмара і змрок навокал Яго; праўда і суд — аснова трона Ягонага.

3

Прад Ім ідзе вагонь, і наўкол выпальвае ворагаў Ягоных.

4

Маланкі Ягоныя асьвятляюць сусьвет; зямля бачыць, і трымціць.

5

Горы, як воск, растаюць ад аблічча Гасподняга, ад аблічча Госпада ўсёй зямлі.

6

Нябёсы абвяшчаюць праўду Ягоную, і ўсе народы бачаць славу Ягоную.

7

Хай пасаромяцца ўсе, хто служыць балванам, хто хваліцца ідаламі. Пакланецеся Яму, усе багі.

8

Чуе Сіён, і радуецца, і весяляцца дочкі Юдавы дзеля судоў Тваіх, Госпадзе,

9

бо Ты, Госпадзе, высокі над усёю зямлёю, узьнесены над усімі божышчамі.

10

Хто любіць Госпада, ненавідзьце зло! Ён захоўвае душы сьвятых Сваіх; з рукі бязбожных вызваляе іх.

11

Сьвятло зьзяе на праведніка, і на тых, хто справядлівы сэрцам, лье весялосьць.

12

Радуйцеся, праведныя, у Госпадзе, і слаўце памяць сьвятыні Ягонай.