Псалмы 9

1

Кіроўцу хору. Пасьля сьмерці Лабэна. Псальма Давідава.

2

Славіць буду Цябе, Госпадзе, усім сэрцам маім, абвяшчаць пра ўсе цуды Твае,

3

я буду радавацца, весяліцца, імя Тваё апяваць, Усявышні.

4

Як павернуць назад мае ворагі, — спатыкнуцца й загінуць прад абліччам Тваім,

5

бо Ты вёў мой суд і маю цяжбіну; Ты сеў на троне, Судзьдзя справядлівы.

6

Ты абурыўся на народы, бязбожнага зьнішчыў, сьцёр іх імёны навечна.

7

У ворага зброі ня стала зусім, і гарады Ты разбурыў; загінула зь імі памяць пра іх.

8

А Гасподзь жыве вечна; Ён трон Свой на суд падрыхтаваў,

9

і Ён будзе судзіць сьвет па праўдзе, па справядлівасьці суд над народамі ўчыніць.

10

І будзе Гасподзь прытулкам прыгнечанаму, прытулкам у скрушлівы час;

11

І спадзявацьмуцца на Цябе тыя, што ведаюць імя Тваё, бо Ты не пакідаеш тых, што шукаюць Цябе, Госпадзе.

12

Сьпявайце Госпаду, Які жыве на Сіёне, абвяшчайце ў народах дзеі Ягоныя,

13

бо Ён спаганяе за кроў; памятае іх, не забывае енку прыгнечаных.

14

Умілажалься зь мяне, Госпадзе; глянь на цярпеньні мае ад ненавісьнікаў маіх, — Ты, Які ўзносіш мяне над брамаю сьмерці,

15

каб я абвяшчаў усю славу Тваю ў браме дачкі Сіёна: буду радавацца з майго ратаваньня Табою.

16

Народы пападалі ў яму, якую выкапалі; у сетку, якую схавалі яны, ублыталі ногі свае.

17

Гасподзь быў спазнаны праз суд, які Ён учыніў; бязбожнік злоўлены дзеямі рук сваіх.

18

Хай шыбуюць бязбожнікі ў пекла, — усе народы, што забываюць Бога,

19

бо не назаўсёды забудзецца ўбогі, і надзея ўбогіх не назаўсёды загіне.

20

Паўстань, Госпадзе, хай чалавек не адужае, хай народы судзяцца прад абліччам Тваім.

21

Навядзі, Госпадзе, страху на іх; хай знаюць народы, што людзі яны.

22

Навошта, Госпадзе, зводдаль стаіш, хаваеш Сябе ў часе скрухі?

23

Бязбожны з пагарды сваёй перасьледуе беднага; хай схоплены будуць яны хітрынамі, якія намысьлілі самі.

24

Бязбожны бо хваліцца пажадай душы сваёй; а карысьлівец сам сабе дагаджае.

25

Пыхліва бязбожнік пагарджае Богам; "не спагоніць"; ва ўсіх думках ягоных: няма Бога!

26

У кожным часе шляхі ягоныя згубныя; суды Твае далёкія ад яго; на ўсіх ворагаў сваіх ён глядзіць грэбліва;

27

і кажа ў сэрцы сваім: "не пахіснуся; і ніколі мяне не спадобіць ліха".

28

Вусны ягоныя поўныя праклёну, хітрасьці, крыўды; пад языком у яго пакуты і згуба.

29

Сядзіць у засадзе ў задвор'і, у патайных мясьцінах забівае невінаватага; вочы ягоныя цікуюць за бедным;

30

у патайнай мясьціне пільнуе, нібы ў логвішчы леў; пільнуе ў засадзе, каб схапіць беднага; хапае беднага, цягне ў сеткі свае,

31

згінаецца, прыпадае, — і бедныя падаюць у моцныя кіпці ягоныя;

32

кажа ў сэрцы сваім: "забыў Бог, засланіў Свой твар, ня ўбачыць ніколі".

33

Паўстань, Госпадзе Божа, падай руку Тваю, не забудзь прыгнечаных.

34

Навошта бязбожнік грэбуе Богам, кажучы ў сэрцы сваім: "Ты не спагоніш?"

35

Ты бачыш; бо Ты глядзіш на крыўды і ўціскі, каб аддаць Тваёю рукою. Табе аддае сябе бедны; сіраце Ты памочнік.

36

Зламай мышцу бязбожнаму і ліхому, каб шукаць і не знайсьці ягонага грэху.

37

Гасподзь — цар навечна, назаўсёды; зьнікнуць язычнікі зь зямлі Ягонай.

38

Госпадзе! Ты чуеш жаданьні лагодных, умацуй сэрца ім; адкрый вуха Тваё,

39

каб даць суд сіраце і прыгнечанаму, хай не палохае больш чалавек на зямлі.