Псалмы 87

1

Песьня. Псальма. Сыноў Карэевых. Кіроўцу хору на Махалат, для сьпяваньня. Вучэньне Этана Эзрахіта.

2

Госпадзе, Божа ратунку майго! удзень лямантую і ўначы прад Табою.

3

Хай дойдзе малітва мая прад аблічча Тваё; нахілі вуха Тваё да маленьня майго.

4

Бо душа мая насыцілася немарасьцямі, і жыцьцё маё наблізілася да апраметнай.

5

Я дараўнаўся да тых, што ў магілу сыходзяць; я стаў, як чалавек бязь сілы,

6

паміж мёртвымі кінуты, — як забітыя, што ляжаць у магіле, пра якіх Ты больш не ўспамінаеш і якія ад рукі Тваёй адкінутыя.

7

Ты паклаў мяне ў дол апраметны, у морак, у бездань.

8

Легла на мяне лютасьць Твая, і ўсімі хвалямі Тваімі Ты пабіў мяне.

9

Ты адвёў ад мяне знаёмых маіх, зрабіў мяне агідным для іх; я ўвязьнены і не магу выйсьці.

10

Вока маё ад гароты стамілася; цэлы дзень я клікаў Цябе, Госпадзе; працягваў рукі свае да Цябе.

11

Хіба над мёртвымі ўчыніш Ты цуд? Хіба мёртвыя ўстануць і будуць славіць Цябе?

12

Альбо ў магіле будзе абвяшчацца ласка Твая, і праўда Твая — у месцы тленьня?

13

Хіба ж у мораку спазнаюцца дзівосы Твае, і ў зямлі забыцьця — праўда Твая?

14

але я Цябе, Госпадзе, клічу, і рана раніцай малітва мая сустракае Цябе.

15

Навошта, Госпадзе, адкідаеш душу маю, хаваеш аблічча Тваё ад мяне?

16

Я няшчасны і парахнею зь дзяцінства; нясу жахі Твае, і зьнемагаю.

17

Над мною прайшла лютасьць Твая; страхоцьці Твае зламалі мяне,

18

кожны дзень абступаюць мяне, як вада: аблягаюць мяне ўсе разам.

19

Ты аддаліў ад мяне сябра і блізкага; знаёмых маіх ня відаць.