Псалмы 80

1

Кіроўцу хору. На Гэцкім інструмэньце. Псальма Асафава.

2

Сьпявайце радасна Богу, цьвярдыні нашай; усклікайце Богу Якава!

3

Вазьмеце псальму, зайграйце на бубне, на арфе з гукам прыемным, на псалтыры;

4

трубеце ў трубу парою маладзіка, у пэўны час, у дзень сьвята нашага;

5

бо гэта закон Ізраілю, пастанова ад Бога Якаўлевага.

6

Ён пастанавіў гэта ў сьведчаньне Язэпу, калі той выйшаў зь зямлі Егіпецкай, дзе пачуў гукі мовы, якое ня ведаў:

7

"Я зьняў з плячэй ягоны цяжар, і рукі ягоныя вызваліліся ад кашоў".

8

У гароце ты паклікаў Мяне, і Я цябе вызваліў; зь сярэдзіны грому пачуў Я цябе; пры водах Мэрывы выпрабаваў цябе.

9

Слухай, народзе Мой, і Я буду сьведчыць табе; Ізраіле! о, калі б ты паслухаў Мяне!

10

Хай ня будзе ў цябе іншага Бога, і не пакланяйся богу чужому.

11

Я Гасподзь, Бог твой, Які вывеў цябе зь зямлі Егіпецкай; разамкні твае вусны, і Я напоўню іх".

12

Але народ Мой ня слухаўся голасу Майго, і Ізраіль не ўпакорваўся Мне;

13

таму Я пакінуў іх упартасьці іхняга сэрца, хай ходзяць паводле намераў сваіх.

14

О, калі б народ Мой слухаў Мяне і Ізраіль хадзіў Маімі шляхамі!

15

Я хутка ўпакорыў бы ворагаў іхніх і павярнуў бы руку Маю на прыгнятальнікаў іхніх;

16

ненавісьнікі Госпада поўзалі б перад імі, а дабрашчасьце доўжылася б заўсёды.

17

я карміў бы іх тлушчам пшаніцы і насычаў бы іх мёдам са скалы.