Псалмы 77

1

Вучэньне Асафава. Слухай, народзе мой, закону майго, прыхілеце вуха вашае да словаў з вуснаў маіх.

2

Разамкну мае вусны ў прытчы і вымаўлю старадаўнія прыпавесьці.

3

Што чулі мы і даведаліся і бацькі нашы нам пераказалі,

4

не схаваем ад дзяцей іхніх, і абвесьцім роду будучаму славу Госпада, і сілу Ягоную, і цуды Ягоныя, што Ён утварыў.

5

Ён устанавіў засьведчаньне ў Якаве і паклаў закон у Ізраілі, які наказаў бацькам нашым абвяшчаць дзецям іхнім,

6

каб ведаў будучы род, дзеці, якія народзяцца, і каб яны ў свой час абвяшчалі дзецям сваім,

7

класьці на Бога надзею сваю, і не забываць дзеяў Божых, і захоўваць наказы Ягоныя,

8

і ня быць падобным да бацькоў іхніх, роду ўпарцістага і мяцежнага, сэрцам неўладкаванага і нявернага Богу духам сваім.

9

Сыны Яфрэмавыя, узброеныя, лучнікі, павярнулі назад у дзень бітвы:

10

яны не захавалі запавету Божага і адмовіліся хадзіць у законе Ягоным:

11

забылі дзеі Ягоныя і цуды, якія Ён нам паказаў.

12

Ён перад вачыма бацькоў іхніх тварыў цуды ў зямлі Егіпецкай, на полі Цаан.

13

Падзяліў мора і правёў іх празь яго, і паставіў воды сьцяною;

14

і ўдзень вёў іх вобмацкам, а ўначы сьвятлом вагню;

15

расьсек камень у пустыні, і напаіў іх, як зь вялікае бездані;

16

са скалы вывеў патокі, і пацяклі воды, як рэкі.

17

Але яны ўсё грашылі прад Ім і раздражнялі ў сявышнага ў пустыні:

18

спакушалі Бога ў сэрцы сваім, патрабавалі ежы па душы сваёй,

19

і казалі супраць Бога, і сказалі: "ці можа Бог згатаваць трапезу ў пустыні?"

20

Вось, Ён ударыў па камені, і пацяклі воды, і паліліся ручаіны. "Ці можа Ён даць і хлеб, ці можа гатаваць мяса народу Свайму?"

21

Гасподзь пачуў, і ўспалымніўся гневам, і вагонь загарэўся на Якава, і гнеў падняўся супроць Ізраіля,

22

за тое, што ня верылі ў Бога і не спадзяваліся на ратаваньне Ягонае.

23

Ён загадаў аблокам угары, і адчыніў дзьверы неба,

24

і пусьціў, быццам дождж, на іх манну ў ежу, і хлеб нябесны ім даў.

25

Хлеб анёльскі еў чалавек, паслаў Ён ім ежы ўдосыць.

26

Ён падняў на небе вецер усходні, і навёў паўднёвы сілаю Сваёю

27

і, як пыл, паслаў на іх мяса дажджом, і, як пясок марскі, птушак крылатых;

28

і кінуў іх сярод табара іхняга, каля жытлішчаў іхніх,

29

і яны елі і наеліся; і даў ім, чаго яны зажадалі.

30

Але яшчэ не прайшло хаценьне іхняе, яшчэ ежа была ў вуснах у іх,

31

гнеў Божы прыйшоў на іх, забіў тлустых іхніх, і юнакоў Ізраілевых паваліў.

32

Пры ўсім гэтым яны ўсё ж грашылі далей, і ня верылі ў цуды Ягоныя.

33

І загубіў дні іхнія ў марнасьці і гады іхнія ў страху.

34

Калі Ён забіваў іх, яны шукалі Яго, і вярталіся, і з раніцы шукалі Бога,

35

і прыгадвалі, што Бог — іхняе прыстанішча і Бог Усявышні — Збаўца іхні,

36

і вуснамі сваімі лісьлівілі Яму, і языком сваім хлусілі прад Ім;

37

а сэрца іхняе нямоцна стаяла прад Ім, і ня былі яны верныя запавету Ягонаму.

38

Але Ён, Міласэрны, дараваў грэх і ня зьнішчаў іх; шматкроць адводзіў гнеў Свой і ня ятрыў лютасьці Сваёй.

39

Ён памятаў, што яны — цялесныя, дыханьне, якое выходзіць і ня вяртаецца.

40

Колькі разоў яны раздражнялі Яго ў пустыні і гневалі Яго ў краі неабжытым!

41

І зноў спакушалі Бога, і зьневажалі Сьвятога Ізраілевага,

42

не памяталі рукі Ягонай, дня, калі выбавіў іх ад прыгнёту,

43

калі аказаў у Егіпце азнакі Свае і цуды Свае на полі Цаан.

44

і ператварыў рэкі іхнія і патокі іхнія ў кроў, каб яны піць не маглі;

45

паслаў на іх заедзь, каб джаліла іх, і жаб, каб губілі іх;

46

парасьліну зямную іхнюю аддаў вусеням і працу іхнюю — саранчы;

47

вінаград іхні пабіў градам і шаўкоўніцы іхнія аддаў сьцюжы;

48

быдла іхняе аддаў граду і статкі іхнія — маланкам;

49

паслаў на іх полымя гневу Свайго, і абурэньне, і лютасьць і беды, пасольства ліхіх анёлаў;

50

Ён дарогу выпрастаў гневу Свайму, не ахоўваў іхніх душаў ад сьмерці, і быдла іхняе аддаў пошасьці;

51

пабіў кожнага першынца ў Егіпце, пачаткі сілаў у намётах Хамавых;

52

і павёў народ Свой, як авечак, пустыняю;

53

вёў іх бясьпечна, і яны не баяліся, а ворагаў іхніх пакрыла мора;

54

і прывёў іх у зямлю сьвятую Сваю, на гару гэтую, якую правіца Ягоная набыла.

55

Прагнаў ад аблічча іхняга народы, і зямлю іхнюю разьдзяліў у спадчыну ім, і плямёны Ізраілевыя пасяліў у намётах іхніх.

56

Але яны яшчэ спакушалі і засмучалі Бога Ўсявышняга, і пастановаў Ягоных ня трымаліся;

57

адступалі і здраджвалі, як бацькі іхнія; вярталіся назад, як падманлівы лук;

58

засмучалі Яго курганамі сваімі, ды ідаламі сваімі абуджалі зайздрасьць Ягоную.

59

Пачуў Бог, і ўспалымніўся гневам, і моцна абурыўся супроць Ізраіля;

60

пакінуў селішча ў Сіломе, скінію, у якой жыў Ён сярод людзей;

61

і аддаў у няволю Ён моцнасьць Сваю і славу Сваю ў рукі ворага;

62

і аддаў Ён мечу народ Свой, і прагневаўся на спадчыну Сваю.

63

Хлопцаў ягоных пажыраў вагонь, і дзяўчатам ягоным не сьпявалі шлюбных песьняў;

64

сьвятары ягоныя падалі ад меча, і ўдовы ягоныя ня плакалі.

65

Але быццам ад сну, абудзіўся Гасподзь, быццам волат, віном пераможаны,

66

і ўдарыў ворагам ягоным у тыл, і пасароміў іх навекі,

67

і адкінуў палатку Язэпаву, і роду Яфрэмавага не абраў.

68

а выбраў калена Юдава, гару Сіён, якую палюбіў,

69

і зладзіў, як неба, сьвятыню Сваю, і, як зямлю, угрунтаваў яе навечна,

70

і выбраў Давіда, раба Свайго, і ўзяў яго ад кашараў,

71

і ад даяроў прывёў яго пасьвіць народ свой, Якаваў, і спадчыну Сваю — Ізраіля.

72

І ён пасьвіў іх у чысьціні сэрца свайго, і рукамі мудрымі вадзіў іх.