Псалмы 73

1

Вучэньне Асафава. Навошта, Божа, назаўсёды Ты нас адкінуў? распаліўся Твой гнеў на авечак пашаў Тваіх?

2

Успомні пра збор Твой, які Ты прыдбаў здавён, пра племя спадчыны Тваёй, якое Ты адкупіў, — пра гэту гару Сіён, на якой Ты пасяліўся.

3

Падымі Твае ногі да вечных руінаў: усё вораг разбурыў у сьвятыні.

4

Рыкаюць ворагі Твае сярод сходаў Тваіх, паставілі знакі свае замест нашых азнакаў;

5

выдавалі сябе падобнымі на таго, хто падымаў сякеру на перавітае вецьце дрэва;

6

і сёньня ўсе рэзьбы ў ім адным разам разьбілі яны сякерамі і бярдышамі;

7

сьвятыню Тваю на вагонь аддалі, сялібу Твайго імя дашчэнту заплямілі;

8

сказалі ў сэрцы сваім: "зруйнуем іх зусім!" — і спалілі ўсе мясьціны Божых сходаў на зямлі.

9

Азнакаў нашых мы ня бачым, няма больш прарока, і няма з намі таго, хто ведаў бы, дакуль гэта будзе.

10

Дакуль, Божа, вораг зьдзек чыніць будзе? ці вечна будзе агуднік імя Тваё ганіць?

11

Навошта ўхіляеш руку Тваю і правіцу Тваю? Зь сярэдзіны ўлоньня Твайго іх панішчы.

12

Божа, Цару мой адвеку, Ты чыніш ратаваньне пасярод зямлі!

13

Ты разьдзяліў сілаю Тваёю мора, Ты патрушчыў галовы зьмеям на водах;

14

Ты струшчыў галаву левіяфану, аддаў яго на ежу народу ў пустыні.

15

Ты выкрасаў паток і крыніцу, Ты высушыў рэкі вялікія.

16

Твой дзень і Твая ноч; падрыхтаваў Ты сьвяцілы і сонца;

17

Ты правёў усе межы зямлі, лета і зіму Ты ўтварыў.

18

Прыгадай жа: вораг Госпада зьневажае, і неразумныя людзі ганяць імя Тваё.

19

Не аддай зьвярам душы Тваёй галубіцы; сходаў убогіх Тваіх не забудзь назаўсёды.

20

Дагледзь запавет Твой, бо цямноты зямлі поўныя жытлішчамі гвалту.

21

Хай ня вернецца прыгнечаны ў сораме; гаротны і ўбогі хай славяць імя Тваё.

22

Паўстань, Божа, абарані дзеі Твае, успомні штодзённае зьневажаньне Цябе неразумнымі;

23

не забудзь крыкаў ворагаў Тваіх; шум паўсталых супроць Цябе ўвесь час падымаецца.