Псалмы 72

1

Псальма Асафава. Які добры Бог да Ізраіля, да чыстых сэрцам!

2

А я — ледзь ногі мае не пахіснуліся, ледзь падэшвы мае не пакаўзнуліся, —

3

я быў ліхім пазайздросьціў, як пабачыў дабрадзенства бязбожных,

4

бо няма ім цярпеньняў да самае сьмерці, і сіла моцная ў іх;

5

на працы людзкой іх няма, і разам зь людзьмі яны ўціску ня знаюць.

6

Вось таму іхняя пыха, як нашыйнік, абклала іх, і дзёрзкасьць, як убор, аблягае іх;

7

вылазяць ім вочы ад тлушчу, жаданьні ў сэрцы іхнім варушацца,

8

сьмяюцца яны з усяго; зласьліва паклёпы наводзяць; ганарыста гавораць;

9

вусны свае ўзносяць да неба, — а іхні язык па зямлі валачэцца.

10

Таму туды ж зьвяртаецца народ ягоны, і п'юць ваду поўнаю чараю

11

і кажуць: "як уведае Бог? і ці мае Ўсявышні веданьне?"

12

І вось гэтыя грэшнікі песьцяцца на гэтым сьвеце і памнажаюць багацьце.

13

І сказаў я : ці ж не дарма ачышчаў я сэрца маё і ў нянавісьці абмываў мае рукі,

14

і ўвесь дзень я цярплю ўдары, і кожнае раніцы кару прымаю?

15

Калі б я сказаў: буду так разважаць, як яны, — дык здрадзіў бы роду сыноў Тваіх.

16

І задумаўся я, як зразумець гэта; але цяжка яно ў вачах маіх,

17

пакуль не ўвайшоў я ў сьвятыню Божую, і не зразумеў іхняга канца.

18

Так! на коўзкіх шляхах паставіў Ты іх, і скідаеш іх у прорвішчы.

19

Як зьнянацку яны ўвайшлі ў спусташэньне, згінулі, зьніклі ад жахаў!

20

Як сном пасьля абуджэньня, так Ты, Госпадзе, іх разбудзіўшы, зьнішчыш іхнія мроі.

21

Калі кіпела сэрца маё і трымцела нутрына мая,

22

быў я тады неразумны, нічога ня цяміў; як быдла быў я прад Табою.

23

Але заўжды я з Табою; Ты трымаеш мяне за правую руку:

24

Ты вядзеш мяне паводле радаў Тваіх, і потым у славу прымаеш мяне.

25

Хто мне на небе? і з Табою нічога не хачу на зямлі.

26

Зьнемагае цела маё і сэрца маё; Бог — цьвярдыня сэрца майго і частка мая навечна,

27

бо вось гінуць усе, хто збочвае ад Цябе; Ты нішчыш кожнага, хто ад Цябе адступаецца.

28

А мне добра набліжацца да Бога! На Госпада Бога паклаў я надзею маю, каб абвяшчаць усе дзеі Твае!