Псалмы 70

1

На Цябе, Госпадзе, спадзяюся; хай ня буду вавек пасаромлены.

2

Праўдай Тваёй мяне вызвалі і выбаві; прыхілі вуха Тваё да мяне, і ўратуй мяне.

3

Будзь мне трывалым прыстанішчам, куды я заўсёды мог бы схавацца; Ты наказаў уратаваць мяне, бо цьвярдыня мая і моцнасьць мая — Ты.

4

Божа мой! вызвалі мяне з рук бязбожніка, з рук бязбожніка і прыгнятальніка.

5

Бо Ты — надзея мая, Госпадзе Божа, спадзяваньне маё зь юнацтва майго.

6

На Цябе апіраўся я быў ад улоньня; Ты вывеў мяне з чэрава маці маёй; Табе хвала мая ня спыніцца.

7

Многім я стаўся нібыта дзівам; але Ты — цьвёрдая надзея мая.

8

Няхай вусны мае хвалою напоўняцца, каб я Табе славу сьпяваў, кожны дзень апяваў Тваю веліч.

9

Не адкідай мяне на час старасьці; як пачне мая сіла слабнуць, не пакінь мяне,

10

бо ворагі мае супраць мяне змаўляюцца, і тыя, што цікуюць душу маю, — ладзяць нарады,

11

кажучы: "Бог яго кінуў; даганеце і схапеце яго; бо няма таго, хто б яго ўратаваў".

12

Божа! не аддаляйся ад мяне; Божа мой! пасьпяшайся мне на дапамогу.

13

Хай пасаромяцца і зьнікнуць супастаты душы маёй; хай сорам і ганьба пакрые тых, што зычаць мне ліха!

14

А я заўсёды буду на Цябе спадзявацца і памнажаць Тваю славу.

15

Вусны мае абвяшчацьмуць праўду Тваю, кожны дзень Твае добрыя дзеі; бо я ня ведаю ліку ім.

16

Буду славіць усемагутнасьць Госпада Бога; згадаю праўду Тваю — адзіна Тваю.

17

Божа! Ты навучаў мяне зь дзён маёй маладосьці, і да сёньня дзівосы Твае я абвяшчаю.

18

І да старасьці, і да сівізны не пакінь мяне, Божа, пакуль не абвяшчу Тваю сілу гэтаму роду і ўсім будучым магутнасьць Тваю.

19

Праўда Твая, Божа, да найвышэйшых; вялікія дзеі ўчыніў Ты; Божа, хто падобны да Цябе?

20

Ты пасылаў на мяне многія і лютыя беды, але і зноў ажыўляў мяне і зь бездані зямлі зноў выводзіў мяне.

21

Ты ўзвышаў мяне і суцяшаў мяне, і зь бездані зямлі выводзіў мяне.

22

І я буду славіць Цябе на псалтыры, Тваю праўду, Божа мой; буду Цябе апяваць на арфе, Сьвяты Ізраілеў!

23

Радуюцца вусны мае, калі я сьпяваю Табе, і душа мая, якую Ты вызваліў;

24

і язык мой кожны дзень будзе абвяшчаць праўду Тваю, бо пасаромленыя, бо паганьбёныя тыя, што ліха шукаюць мне.