Псалмы 58

1

Кіроўцу хору. Не загубі. Залатая псальма Давіда, калі Саўл паслаў пільнаваць дом ягоны, каб забіць яго.

2

Вызваль мяне ад маіх ворагаў, Божа мой! абарані мяне ад тых, што на мяне паўстаюць.

3

вызваль мяне ад злачынцаў; уратуй ад крыважэрных,

4

бо вось, яны цікуюць за душою маёю; на мяне зьбіраюцца дужыя, не за правіну маю і не за грэх мой, Госпадзе;

5

бязь віны маёй зьбягаюцца і зброю рыхтуюць; паўстань мне на дапамогу, і паглядзі.

6

Ты, Госпадзе, Божа сілы, Божа Ізраілеў, паўстань, каб наведаць усе народы, не шкадуй нікога зь бязбожных беззаконьнікаў:

7

увечары вяртаюцца яны, як сабакі скуголяць, і вакол горада ходзяць:

8

вось, яны вырыгаюць нагану сваім языком; у іхніх вуснах — мечы: "бо", думаюць, "хто чуе?".

9

Але Ты, Госпадзе, зь іх пасьмяешся; Ты пасароміш усе народы.

10

Сіла — у іх, але я да Цябе іду, бо Бог — мой заступнік.

11

Бог мой, Які любіць мяне, папярэдзіць мяне; Бог дасьць мне глядзець на ворагаў маіх.

12

Не забівай іх, каб не забыўся народ мой; разьвей іх сілаю Тваёю, і скінь іх, Госпадзе, наш абаронца.

13

Слова іхняга языка ёсьць грэх іхніх вуснаў; няхай пыхай сваёю яны зловяцца, за прысягу і за ману, якую яны вымаўляюць.

14

У гневе іх зьнішчы, зьнішчы, каб прапалі яны; і хай ведаюць, што Бог валадарыць над Якавам аж да краю зямлі.

15

Хай вяртаюцца ўвечары, як сабакі скуголяць, і вакол горада ходзяць;

16

хай бадзяюцца, ежу шукаюць, і ў нянасыці ночы праводзяць.

17

А я буду славіць сілу Тваю і з самае раніцы ласку Тваю абвяшчаць; бо Ты быў аслонаю мне і сховам у дзень майго бедства.

18

Сіла мая! Цябе буду я апяваць; бо Бог — мой заступнік, Бог мой, Які любіць мяне.