Псалмы 57

1

Кіроўцу хору. Не загубі. Залатая псальма Давідава.

2

Няўжо-такі праўду вы кажаце, судзьдзі, няўжо справядліва судзіце, сыны чалавечыя?

3

Пакідаеце крыўды на сэрцы, кладзяце на вагі злачынствы рук вашых на зямлі.

4

З нараджэньня свайго адступіліся вы, бязбожныя; ад улоньня маці сваёй заблудзіліся, кажучы ману.

5

Яд у іх — нібыта яд зьмяіны, як атрута гадзюкі глухое, што вушы свае затуляе

6

і ня чуе голасу заклінача, самага спраўнага ў заклёнах.

7

Божа! скрышы ім зубы ў іхніх вуснах; разьбі, Госпадзе, сківіцы львам!

8

Няхай зьнікнуць, як вада цякучая; калі напнуць стрэлы, хай яны паламаюцца.

9

Няхай счэзнуць, як сьлімак, які ў сьлізі сваёй распускаецца; няхай сонца ня бачаць, як скідзень у жанчыны.

10

Пакуль гаршкі вашы пачуюць распалены цёрн, — няхай вецер яго разьнясе, ці сьвежае, а ці спаленае!

11

А праведны ўсьцешыцца; помсту пабачыўшы, у крыві бязбожнага ступакі ён абмые!

12

І скажа чалавек: "Сапраўды ёсьць плод справядліваму! Сапраўды ёсьць Бог — судзьдзя на зямлі!"