Псалмы 56

1

Кіроўцу хору. Не загубі. Залатая псальма Давіда, калі ён уцёк ад Саўла ў пячору.

2

Зьлітуйся, Божа, зь мяне, зьлітуйся; бо на Цябе спадзяецца душа мая, і ў цяні крылаў Тваіх я схаваюся, пакуль ня мінуцца нягоды.

3

Паклічу Бога Ўсявышняга, Бога, Які мне чыніць дабро;

4

Ён зь нябёсаў пашле, і ўратуе мяне; пасароміць таго, хто спрабуе мяне праглынуць, пашле Бог Сваю літасьць і праўду Сваю.

5

Душа мая сярод ільвоў; я ляжу сярод тых, што дыхаюць полымем, сярод сыноў чалавечых, чые зубы — як дзіды і стрэлы, чый язык — востры меч.

6

Будзь услаўлены вышэй за нябёсы, Божа, і над усёю зямлёю хай будзе слава Твая!

7

На ногі мае ўгатавалі сетку: душа мая панікла; выкапалі перада мною яму, і самі ўпалі ў яе.

8

Гатовае сэрца маё, Божа, гатовае сэрца маё: буду сьпяваць і славіць.

9

Паўстань, слава мая, паўстань, псалтыр і арфа! Я ўстану рана.

10

Славіць буду Цябе, Госпадзе, сярод народаў; славіць буду Цябе сярод плямёнаў,

11

бо да нябёсаў вялікая ласка Твая і ў пазахмар'і праўда Твая.

12

Узьнясіся вышэй за нябёсы, Божа, і над усёю зямлёю хай будзе слава Твая.