Псалмы 55

1

Кіроўцу хору. Пра галубіцу маўклівую ў пустках далёкіх. Залатая псальма Давіда, калі Філістымляне схапілі яго былі ў Гэце.

2

Зьлітуйся, Божа, зь мяне. Бо чалавек хоча мяне праглынуць; кожнага дня на мяне нападаючы, уціскае мяне.

3

Цэлы дзень ворагі віжуюць за мною заўзята, многа іх паўстае на мяне, Усявышні!

4

Калі страх агартае мяне, я надзею кладу на Цябе.

5

У Богу я ўслаўлю слова Ягонае; на Бога надзею кладу, не баюся; што зробіць мне цела?

6

Кожнага дня пераварочваюць словы мае; усе іхнія намыслы супраць мяне — на ліхое:

7

зьбіраюцца, тояцца, сьлед мой высочваюць, каб улавіць душу маю.

8

Няўжо яны ўнікнуць адплаты за няпраўду сваю? У гневе адкінь, Божа, народы.

9

Палічыў Ты туляньні мае; пакладзі мае сьлёзы ў сасуд прад Табою, — ці ня ў кнізе яны Тваёй?

10

Ворагі мае ўцякаюць назад, калі я клічу Цябе; з гэтага я і даведваюся, што Бог за мяне.

11

У Богу я ўслаўлю слова Ягонае, у Госпадзе ўслаўлю слова Ягонае.

12

На Бога надзею кладу, не баюся; што зробіць мне чалавек?

13

На мне, Божа, прысягі Табе; Табе аддам ахвяры хвалы,

14

бо Ты збавіў душу маю ад сьмерці, і ногі мае ад спатыканьня, каб хадзіў я прад абліччам Божым у сьвятле жывых.