Псалмы 54

1

Кіроўцу хору. На струнных інструмэнтах. Вучэньне Давідава.

2

Пачуй, Божа, малітву маю, і ад маленьня майго не хавайся;

3

уваж мне і пачуй мяне; я стагну ў гароце маёй і бянтэжуся

4

ад крыку варожага, ад уціску бязбожнага; бо яны мне накідаюць беззаконьне і ў гневе супроць мяне варагуюць.

5

Сэрца маё трапеча ўва мне і сьмяротныя страхі мяне ахапілі;

6

страх і жудасьць мяне агарнулі, і вусьцішна мне.

7

І сказаў я: "Хто даў бы мне крылы, як у голуба? Я паляцеў бы і супакоіўся;

8

далёка заляцеў бы, і ў пустыні застаўся б;

9

пасьпяшаўся б схавацца ад буры й віхуры".

10

Разладзь, Госпадзе, і падзялі языкі іхнія, бо я гвалт і нязгоду ў горадзе бачу;

11

удзень і ўначы яны ходзяць навокал па ягоных мурах; зладзействы і бедствы ў ім;

12

сярод яго згуба; ашука і подступ ня сыходзяць з вуліц ягоных:

13

бо ня вораг мяне кляне, — гэта я ператрываў бы; не ненавісьнік мой узьвялічваецца нада мною — ад яго я схаваўся б;

14

а ты, хто быў мне тым, што і сам я сабе, сябар мой і паплечнік мой,

15

з кім мы шчырыя гутаркі мелі і разам хадзілі ў дом Божы.

16

Хай іх сьмерць ня міне; хай сыдуць яны жывыя ў пекла; бо злачынства ў сялібах іхніх, у іхнім сэрцы,

17

я ж паклічу Бога, і Гасподзь мяне выратуе.

18

Увечары і раніцай і апоўдні я буду маліць і прасіць, і Ён пачуе мой голас;

19

выбавіць душу маю ў спакоі ад тых, хто на мяне паўстае; бо іх многа ў мяне;

20

Бог выслухае, і суцешыць іх Той, Хто адвеку сядзіць на троне, бо няма ў іх перамены, і Бога яны не баяцца;

21

рукі свае паднялі на тых, якія зь імі ў міры, парушылі згоду сваю;

22

вусны ў іх гладкія, нібы масла, а ў сэрцы варожасьць у іх; словы іхнія лагаднейшыя за алей, а самі яны — мячы аголеныя.

23

Пакінь Госпаду клопат твой, і Ён падтрымае цябе. Ніколі ня дасьць Ён праведніку пахіснуцца.

24

Ты, Божа, зьвядзеш іх у яму пагібельную; крыважэрныя і падступныя не пражывуць палавіны дзён сваіх. А на Цябе, Госпадзе, спадзяюся.