Псалмы 52

1

Кіроўцу хору. На духавым інструмэньце. Навучальная псальма Давідава.

2

Сказаў шаленец у сэрцы сваім: няма Бога. Разбэсьціліся яны, і ўчынілі гнюсныя злачынствы; няма дабрачынца.

3

Бог зь нябёсаў паглядзеў на сыноў чалавечых, каб пабачыць, ці ёсьць той, хто разумее, шукае Бога.

4

Усе ўхіліліся, зрабіліся аднолькава непатрэбнымі; ніхто ня робіць дабра, ніхто аніводзін.

5

Няўжо ня ўрымсьцяцца беззаконьнікі, якія народ мой ядуць, быццам хлеб ядуць, і не заклікаюць Бога?

6

Там страхам яны напалохаюцца, дзе страху няма, бо рассыпле Бог косткі таго, хто супраць Цябе ўзбурыўся, Ты іх пасароміш, бо іх Бог заняхаіў.

7

Хто дасьць з Сіёна ратунак Ізраілю? Калі Бог скасуе палон народу Свайго, тады зарадуецца Якаў і ўзьвесяліцца Ізраіль.