Псалмы 49

1

Псальма Асафава. Бог над багамі, Гасподзь, прамовіў, і заклікае зямлю, ад усходу сонца да захаду.

2

Зь Сіёна, які ёсьць карона красы, зьяўляецца Бог,

3

ідзе Бог наш — і не маўчыць: перад ім вагонь пажыральны, а вакол Яго моцная бура.

4

Ён заклікае нябёсы згары, і зямлю — народ Свой судзіць:

5

"зьбярэце Мне пабожных Маіх, што пры ахвяры склалі са мной запавет".

6

І абвесьцяць нябёсы праўду Ягоную; бо судзьдзя гэты — Бог.

7

Слухай, народзе Мой, буду Я прамаўляць, Ізраіле! буду Я сьведчыць супроць цябе: Я — Бог, твой Бог.

8

Не за ахвяры твае Я дакарацьму цябе; цэласпаленьні твае заўжды прада Мною,

9

не вазьму цяляці з дома твайго, ні казлоў з кашараў тваіх;

10

бо Мае ўсе зьвяры ў лесе, і быдла на тысячы гор,

11

ведаю ўсё птаства ў гарах і зьвер польны прада Мною.

12

Калі б Я быў галодны, дык не сказаў бы табе; бо Мой сусьвет і ўсё, што яго напаўняе.

13

Ці ем Я валовае мяса, і ці п'ю Я казьліную кроў?

14

Прынясі Богу ў ахвяру падзяку, і выконвай твае абяцаньні Ўсявышняму,

15

і пакліч Мяне ў дзень смутку; Я ўратую цябе, і ты ўславіш Мяне.

16

А грэшніку кажа Бог: чаго прапаведуеш ты ўстанаўленьні Мае і бярэш Мой запавет у вусны твае,

17

а сам ненавідзіш Маё настаўленьне, і словы Мае за сябе адкідаеш?

18

Калі бачыш ты злодзея, лагодзішся зь ім, і зь пералюбцамі стасункуешся,

19

вусны твае пускаеш на слова ліхое і язык твой хітрыну пляце;

20

сядзіш і на брата твайго намаўляеш, на сына маці тваёй паклёпы пускаеш;

21

ты гэта рабіў, і Я маўчаў; ты падумаў, што Я такі самы, як ты. Выкрыю цябе, і пакажу вачам тваім грахі твае.

22

Зразумейце гэта вы, хто забывае Бога, каб Я не забраў вас, бо ня будзе каму ратаваць.

23

Хто ў ахвяру падзяку прыносіць, той шануе Мяне, і хто на дарогі свае зважае, таму пакажу Я Божы ратунак!