Псалмы 48

1

Кіроўцу хору. Сыноў Карэевых. Псальма.

2

Слухайце гэта, усе народы; уважайце гэтаму ўсе, хто жыве на сьвеце,

3

і простыя, і знакамітыя, багаты, гэтак сама і бедны;

4

вусны мае вымавяць мудрасьць, а развагі сэрца майго — веданьне.

5

Нахілю вуха маё да прыпавесьці; адкрыю загадку маю на арфе:

6

"чаго мне баяцца ў дні бедства, калі абчэпіць мяне злосьць шляхоў маіх беззаконных",

7

якія надзею кладуць на багацьце і сваімі дастаткамі хваляцца?

8

Чалавек ня выкупіць брата свайго ніяк і за яго ня дасьць выкупу Богу;

9

бо выкуп за душы іхнія дарагі, і ня будзе таго вавек,

10

каб застаўся хто жыць назаўсёды і ня ўбачыў магілы.

11

Кожны бачыць, што і мудрыя паміраюць, як і невукі і бязглуздыя гінуць, пакідаюць маёмасьць сваю іншым.

12

У думках у іх, што хаты іхнія вечныя, і што харомы іхнія з роду да роду, і землі свае яны называюць сваімі імёнамі.

13

Ды не застанецца ў пашане чалавек, падобна жывёле, якая гіне.

14

Такая дарога іхняя ёсьць іхняя неразумнасьць, хоць за імі ідуць тыя, што думку іхнюю ўхваляюць.

15

Як авечак, у апраметную іх зьвядуць: сьмерць будзе іх пасьвіць, а раніцай праведнікі запануюць над імі; сіла іхняя вычарпаецца; магіла — жытлішча іхняе.

16

Але вызваліць Бог душу маю ад улады сьмяротнага краю, калі прыме мяне.

17

Ня бойся, калі чалавек багацее, калі слава дома ягонага множыцца:

18

бо, памерлы, нічога з сабою ня возьме; ня пойдзе за ім слава ягоная,

19

хоць пры жыцьці ён душы сваёй патураў, і ўслаўляюць цябе, калі ты сабе робіш дабро,

20

але ён пойдзе да роду бацькоў сваіх, якія ніколі ня ўбачаць сьвятла.

21

Чалавек у пашане, але неразумны, падобны да жывёлы, якая гіне.