Псалмы 45

1

Кіроўцу хору. Сыноў Карэевых. На музычным інструмэньце Аламот. Песьня.

2

Бог нам прыстанішча і сіла, хуткі памочнік у нягодах.

3

Таму не ўбаімся, хоць бы зямля здрыганулася і горы рушыліся б у сэрцы мораў.

4

Хай шумяць, уздымаюцца воды іх, трасуцца горы ад хваляваньня іх.

5

Рачныя патокі весяляць горад Божы, сьвятое жытло Ўсявышняга.

6

Бог сярод яго; ён не пахісьнецца: Бог дапаможа яму з самае раніцы.

7

Зашумелі народы; пахіснуліся царствы: а Ён голас падаў Свой, і растала зямля.

8

Гасподзь сілы з намі, Бог Якава заступнік наш.

9

Прыйдзеце і пабачце дзеі Гасподнія, — якія ўчыніў Ён на зямлі спусташэньні:

10

спыняючы войны да краю зямлі, зламаў лук і струшчыў дзіду, калясьніцы спаліў вагнём.

11

Спынецеся і ўведайце, што Я — Бог: буду праслаўлены сярод народаў, праслаўлены на зямлі.

12

Гасподзь сілы з намі, заступнік наш Бог Якава.