Псалмы 44

1

Кіроўцу хору. На музычным інструмэньце Шошан. Вучэньне. Сыноў Карэевых. Песьня каханьня.

2

Маё сэрца вылілася добрым словам; я кажу: песьня мая пра Цара; язык мой — пяро хуткага пісьма.

3

Ты прыгажэйшы за сыноў чалавечых; мілата з Тваіх вуснаў вылілася; таму дабраславіў Цябе Бог навечна.

4

Аперажыся мечам па паясьніцы Тваёй, Магутны, славаю Тваёю і хараством Тваім,

5

і ў гэтым уборы Тваім пасьпяшайся, сядзь на калясьніцу дзеля праўды і лагоды і справядлівасьці, і правіца Твая пакажа Табе дзівосныя дзеі.

6

Вострыя стрэлы Твае — народы ўпадуць прад Табою, — яны — у сэрцы ворагаў Царовых.

7

Трон Твой, Божа, навечна; жазло праўды — жазло царства Твайго.

8

Ты палюбіў праўду і зьненавідзеў бяспраўе, таму памазаў Цябе, Божа, Бог Твой алеем радасьці больш, чым саўдзельцаў Тваіх.

9

Усё адзеньне Тваё — як сьмірна і альяс і касія; з харомаў слановай косьці Цябе зьвесяляюць.

10

Дочкі царскія ў Цябе сярод ганаровых; стала царыца праваруч Цябе ў Афірскім золаце.

11

Слухай, дачка, і глядзі, і прыхілі тваё вуха, і забудзь народ твой і дом бацькі твайго.

12

І запрагне Цар прыгажосьці тваёй; бо Ён Гасподзь твой, і ты пакланіся Яму.

13

І дачка Тырская прыйдзе з дарункамі, і будуць прасіць цябе найбагацейшыя людзі.

14

Уся слава Царовай дачкі ўсярэдзіне; адзежа яе шытая золатам;

15

ва ўзорыстай адзежы вядуць яе да Цара; за ёю вядуць да Цябе дзяўчат, сябровак яе.

16

Прыводзяць іх з радасьцю і пацяшэньнем, уваходзяць у харомы Царовыя.

17

Замест бацькоў Тваіх будуць сыны Твае; Ты паставіш іх валадарамі на ўсёй зямлі.

18

Зраблю імя Тваё памятным ва ўсіх пакаленьнях; таму народы будуць славіць Цябе векавечна.