Псалмы 38

1

Кіроўцу хору, Ідытуму. Псальма Давідава.

2

Я сказаў: пільнавацьмуся дарогі сваёй, каб маім языком не грашыць; цугляцьму я вусны мае, пакуль бязбожны перада мною.

3

Я быў нямы і безгалосы і маўчаў нават пра добрае; і жальба мая памацнела,

4

запалілася сэрца маё ўва мне; у думках маіх загарэўся вагонь; я пачаў гаварыць языком маім;

5

скажы мне, Госпадзе, пра канец мой і лік дзён маіх, які ён, каб я ведаў, які мой век.

6

Вось, Ты далоняю вымераў дні мае, а век мой — як нішто прад Табою. Сапраўды, поўная марнасьць — кожны жывы чалавек.

7

Сапраўды, чалавек ходзіць, як прывід; і марны клопат яго, зьбірае і ня ведае, каму дастанецца гэта.

8

І сёньня чаго мне чакаць, Госпадзе? надзея мая на Цябе.

9

Ад усіх беззаконьняў маіх вызвалілі мяне, не аддавай мяне на паглум неразумным.

10

Я зрабіўся нямы, не растульваю вуснаў маіх, бо Ты ўчыніў гэта.

11

Ухілі ад мяне ўразы Твае; я зьнікаю ад удару пагібельнай рукі Тваёй.

12

Калі Ты дакорамі будзеш караць чалавека за злачынствы, рассыплецца, як ад молі, прывабнасьць ягоная. Так кожны чалавек — марны.

13

Пачуй, Госпадзе, малітву маю, і выслухай енкі мае, ня будзь бязуважны да сьлёз маіх, бо вандроўнік я ў Цябе і прыхадзень, як бацькі мае ўсе.

14

Адступі ад мяне, каб я мог умацавацца, перш чым адыду і ня будзе мяне.