Псалмы 36

1

Псальма Давідава. Ня гневайся на злачынцаў, не зайздросьці несправядлівым,

2

бо яны, як трава, неўзабаве скошаны будуць, і як былінка зялёная, завянуць.

3

Спадзявайся на Госпада і рабі дабро; жыві на зямлі і праўды трымайся.

4

Суцяшайся Госпадам, і Ён спраўдзіць жаданьні сэрца твайго.

5

Госпаду перадай дарогу тваю, і на яго спадзявайся, і Ён зробіць,

6

і выведзе, як сьвятло, праўду тваю, і справядлівасьць тваю, як полудзень.

7

Скарыся Госпаду і на Яго спадзявайся. Не зайздросьці таму, каму шчасьціць у дарозе ягонай, чалавеку хітрамыснаму.

8

Перастань гневацца і пакінь запальчывасьць; ня імкніся рабіць благое,

9

бо хто робіць благое, будзе зьнішчаны, а хто спадзяецца на Госпада, зямлю ўспадкуе.

10

Яшчэ трохі, і злачынца ня стане; паглядзіш на месца ягонае, і няма яго.

11

А пакорныя зямлю ўспадкуюць, і ўраскошуюцца спакоем вялікім.

12

Бязбожны зло намышляе супроць праведніка і скрыгоча на яго зубамі сваімі;

13

а Гасподзь пасьміхаецца зь яго; бо бачыць, што прыходзіць дзень ягоны.

14

Бязбожныя вымаюць меч і напінаюць лук свой, каб паваліць беднага і ўбогага, каб зваліць тых, у каго дарога простая:

15

меч іхні ўвойдзе ў іхняе сэрца, і лукі іхнія паламаюцца.

16

Лепш — малое ў праведніка, чым багацьце — у многіх бязбожнікаў,

17

бо зламаюцца плечы ў бязбожных, а праведных сіліць Гасподзь!

18

Гасподзь ведае дні беззаганных і дастатак іхні застаецца навечна.

19

Ня будуць яны пасаромлены ў люты час, і ў дні голаду сытыя будуць;

20

а бязбожныя загінуць, і ворагі Гасподнія, як авечы лой, зьнікнуць, у дыме зьнікнуць.

21

Пазычае бязбожны — і не аддае, а праведны ўмілажальваецца і дае,

22

бо ўміласлаўленыя Ім — зямлю ўспадкуюць, а праклятыя Ім — будуць вынішчаны.

23

Ад Госпада крокі чалавека пабожнага ставяцца моцна, і Ён дабраволіць дарозе ягонай:

24

калі ён будзе падаць, не ўпадзе, бо Гасподзь падтрымлівае яго за руку.

25

Я быў малады і састарыўся, а ня бачыў праведніка пакінутага, і нашчадкаў яго, каб хлеба прасілі:

26

ён кожны дзень шкадуе і пазычае, і нашчадкам ягоным — дабраславеньне будзе.

27

Ухіляйся ад благога, і рабі дабро, і жыць будзеш вечна:

28

бо і Гасподзь любіць праўду, і не пакідае богабаязных Сваіх; навек ацалёныя будуць яны; а насеньне бязбожных вынішчыцца.

29

Праведныя ўспадкуюць зямлю, і будуць жыць на ёй вечна.

30

Вусны праведніка мудрасьць маўляюць, і язык ягоны вымаўляе праўду.

31

Закон Божы ў сэрцы ў яго; не пахіснуцца ногі ягоныя.

32

Бязбожны падглядвае праведніка і спрабуе забіць яго;

33

але Гасподзь не аддасьць яго ў рукі ягоныя, і ня дасьць зьвінаваціць яго, калі яго будуць судзіць.

34

Спадзявайся на Госпада, і трымайся дарогі Ягонай: і Ён падыме цябе, каб ты зямлю ўспадкаваў; і калі будуць зьнішчаць бязбожных, ты ўбачыш.

35

Бачыў я бязбожніка грознага, які разгаліноўваўся, нібы самарослае расахатае дрэва;

36

але ён прайшоў, і вось, няма яго; шукаю яго і не знаходжу.

37

Назірай за беспахібным і дзівіся на праведнага; бо чалавеку міралюбнаму — будучыня;

38

а беззаконьнікі ўсе вынішчацца; будучыня беззаконьнікаў зьнікне.

39

Ад Госпада выратаваньне праведнікам, Ён — абарона ім у часіны жальбы:

40

і дапаможа ім Гасподзь і вызваліць іх; выбавіць іх ад бязбожных і ўратуе іх, бо яны на Яго надзею кладуць.