Псалмы 35

1

Кіроўцу хору. Раба Гасподняга Давіда.

2

Грэшнасьць бязбожніка гаворыць у сэрцы маім: няма страху Божага перад вачыма ягонымі,

3

бо ягоныя вочы лісьлівяць яму, быццам шукаюць віну, каб зьненавідзець яе;

4

словы з вуснаў ягоных — няпраўда і хітрына; ня хоча ён быць мудрым, каб рабіць дабро.

5

Несправядлівасьць намышляе ён на пасьцелі сваёй, на благі становіцца шлях, ня грэбуе злом.

6

Госпадзе! ласка Твая да нябёсаў, праўда Твая пад хмары!

7

Праўда Твая — як горы Божыя, і суды Твае — бездань вялікая! Людзей і быдла захоўваеш Ты, Госпадзе!

8

Якая каштоўная ласка Твая, Божа! Сынам чалавечым у цені крылаў Тваіх спакойна;

9

наядаюцца сытасьцю дома Твайго, і з плыні слодычаў Тваіх Ты выпойваеш іх,

10

бо ў Табе крыніца жыцьця; у сьвятле Тваім мы бачым сьвятло.

11

Пашыры ласку Тваю на тых, што Цябе ведаюць, і праўду Тваю на людзей, шчырых сэрцам,

12

хай не наступіць на мяне нага гардзеі, і рука грэшніка хай не прагоніць мяне.

13

Там упалі беззаконьнікі, скінутыя, і ня могуць устаць.