Псалмы 33

1

Псальма Давіда, калі ён удаваў зь сябе вар'ята перад Авімэлэхам і быў ад яго выгнаны, і пайшоў.

2

Дабраслаўляю Госпада ва ўсякую пору; хвала Яму няспынная ў вуснах маіх.

3

Госпадам будзе хваліцца душа мая; пачуюць пакорныя і ўзьвяселяцца.

4

Вялічайце Госпада са мною, і ўзносьма імя Ягонае разам.

5

Я шукаў Госпада, і Ён пачуў мяне і ад усякіх небясьпекаў маіх вызваліў мяне.

6

Хто прыглядваўся да Яго, тыя прасьвятліліся, і твары іхнія ня зьведаюць сораму.

7

Вось убогі паклікаў, — і Гасподзь пачуў і ўратаваў яго ад усіх ягоных бедаў.

8

Гасподні анёл паўстае вакол тых, хто баіцца Яго, — і іх вызваляе.

9

Паспытайце і ўбачыце, які добры Гасподзь! Дабрашчасны той чалавек, што на яго спадзяецца!

10

Бойцеся Госпада, усе сьвятыя Ягоныя; бо ня маюць нястачы тыя, што баяцца Яго.

11

Ільвяняты церпяць нягоды і голад, а богашукальнікі ня церпяць нястачы ні ў якім дабры.

12

Прыйдзеце, дзеці, паслухайце мяне: страху Гасподняму вас навучу.

13

Ці хоча чалавек жыць і ці любіць дабрадзенства, каб бачыць дабро?

14

Трымай язык свой ад злога і вусны свае ад падступных словаў.

15

Ухіляйся ад ліха і рабі дабро; шукай міру і йдзі за ім.

16

Вочы Гасподнія — на праведных, і вушы Ягоныя — на скаргу іхнюю.

17

А аблічча Гасподняе — супроць тых, што робяць ліхое, каб зьвесьці зь зямлі памяць пра іх.

18

Клічуць, і Гасподзь чуе, і ад усіх уціскаў іх вызваляе.

19

Блізкі Гасподзь да тых, у каго зламанае сэрца, і пакорлівых духам — уратуе.

20

Многа турботаў у праведніка, і ад усіх іх Гасподзь вызваляе.

21

Ён хавае ўсе косткі ягоныя; і ніводная не паламаецца!

22

Зло заб'е грэшніка, і ненавісьнікі праведнасьці загінуць.

23

Гасподзь вызваліць душу рабоў Сваіх, і не загіне ніхто, хто на Яго спадзяецца.