Псалмы 32

1

Псальма Давідава. Радуйцеся, праведнікі, у Госпадзе: шчырым прыстоіць хваліць!

2

Услаўляйце Госпада арфамі, сьпявайце Яму на дзесяціструннай псалтыры;

3

новую песьню сьпявайце Яму; зладжана пойце Яму, з ускліцаньнем,

4

бо слова Гасподняе — шчырае, і ўсе дзеі Ягоныя правільныя.

5

Ён любіць праўду і суд; Гасподняю міласьцю зямля поўніцца.

6

Словам Госпада створаны нябёсы, і духам вуснаў Ягоных — усе сілы нябесныя.

7

Ён сабраў, быццам груды, марскія воды; бездані склаў у каморах.

8

Хай баіцца Госпада ўся зямля; хай трымціць прад Ім усё жывое на сьвеце,

9

бо сказаў Ён — і сталася; Ён загадаў — і зьявілася.

10

Гасподзь разбурае рады язычнікаў; зьнішчае намыслы народаў.

11

А рада Гасподняя вечна стаяцьме; задумы сэрца Ягонага — з роду ў род.

12

Дабрашчасны народ, у якога Гасподзь ёсьць Бог, — племя, якое Ён выбраў у спадчыну Сабе.

13

Гасподзь паглядае зь нябёсаў, бачыць усіх сыноў чалавечых;

14

з трона Свайго Ён пазірае на ўсіх, што жывуць на зямлі:

15

Ён стварыў сэрцы ўсіх іх, і ўважае ўсім іхнім дзеям.

16

Цар не ўратуецца мноствам войска; не ўбароніць волата вялікая сіла.

17

Ненадзейны конь для ратаваньня, ня вызваліць сілай вялікай сваёю.

18

Вось, вока Гасподняе над тымі, хто баіцца Яго, і хто спадзяецца на літасьць Ягоную,

19

што Ён душу іхнюю ўратуе ад сьмерці і ў час галодны накорміць іх.

20

Душа наша мае надзею на Госпада: Ён дапамога наша;

21

Ім радуецца сэрца наша, бо на сьвятое імя Ягонае мы спадзяваліся.

22

Хай будзе ласка Твая, Госпадзе, з намі, мы так на Цябе надзею ўскладаем.