Псалмы 31

1

Псальма Давідава. Вучэньне. Дабрашчасны, каму дараваны злачынствы, і чые грахі адшкадаваныя,

2

дабрашчасны той, каму Гасподзь грахоў не залічыць, і ў чыім духу хітрыны няма!

3

Калі я маўчаў, састарэлі косткі мае ад штодзённага стогну майго,

4

бо дзень і ноч нада мною рука Твая цяжкая; зьнікла сьвежасьць мая, як у летнюю сушу.

5

Але Я адкрыў табе грэх мой і ня ўтоіў беззаконьня майго; я сказаў: "вызнаю Госпаду злачынствы мае"; і Ты зьняў зь мяне віну грэху майго.

6

За тое памоліцца Табе кожны праведнік у час адпаведны, і тады разьліва вялікай вады не дастане яго.

7

Ты — маё покрыва; Ты асланяеш мяне ад скрухі, атачаеш мяне радасьцямі збавеньня.

8

"Увяду цябе ў розум, настаўлю цябе на шлях, па якім табе йсьці; буду табой кіраваць, вока Маё над табою".

9

"Ня будзьце, як конь, як мул бязглузды, чые храпы цугляць трэба кілзамі і аброцьцю, каб яны Табе ўпакорваліся.

10

Шмат смуткаў бязбожнаму; а таго, хто на Госпада мае надзею, атачае міласьць.

11

Весялецеся ў Госпадзе, цешцеся, праведныя; сьпявайце радасна ўсе, у каго шчырае сэрца.