Псалмы 30

1

Кіроўцу хору. Псальма Давідава.

2

На Цябе, Госпадзе, надзея мая, хай сораму вавек ня мецьму; па праўдзе Тваёй збаві мяне;

3

прыхілі да мяне вуха Тваё, пасьпяшайся збавіць мяне. Будзь мне каменнаю цьвярдыняю, прыстанішчам, каб уратаваць мяне,

4

бо Ты каменная гара мая і агароджа мая; дзеля імя Твайго вядзі мяне і кіруй мною.

5

Выведзі мяне зь сеткі, якую тайна раскінулі на мяне; бо Ты цьвярдыня мая.

6

У Тваю руку аддаю дух мой; Ты выбаўляў мяне, Госпадзе, Божа праўды.

7

Ненавіджу шаноўцаў марных ідалаў; а на Госпада надзея мая.

8

Буду радавацца і весяліцца ў міласьці Тваёй, бо Ты прыгледзеўся да бедства майго, уведаў гора душы маёй,

9

і не перадаў мяне ў рукі ворагаў; паставіў ногі мае на прасторным месцы.

10

Умілажалься зь мяне, Госпадзе, бо мне цесна; высахла з гора вока маё, душа мая і нутроба мая.

11

Вычарпалася ў скрусе жыцьцё маё і леты мае ў стагнотах; зьнемагла ад грахоў маіх сіла мая, і высахлі косткі мае.

12

Ад усіх маіх ворагаў стаўся я кляцьбою нават у суседзяў маіх і страшыдлам знаёмым маім; хто бачыць мяне на вуліцы, уцякае.

13

Я забыты ў сэрцах, як мёртвы; я — як посуд разьбіты,

14

бо чую ліхаслоўе многіх; адусюль жудасьць, калі яны змаўляюцца супраць мяне, намышляюць вырваць душу маю.

15

А я на Цябе, Госпадзе, спадзяюся; я кажу: Ты мой Бог.

16

У Тваёй руцэ дні мае; вызваль мяне ад рукі маіх ворагаў і ад тых, што гоняць мяне.

17

Пакажы сьветлае аблічча Тваё рабу Твайму; уратуй мяне літасьцю Тваёю.

18

Госпадзе! хай ня будзе мне сораму, што я Цябе заклікаю; а бязбожным хай будзе брыдка, хай прападуць у пекле.

19

Хай зьнямеюць вусны аблудныя, што гідоту гавораць на праведнага з пыхаю і пагардаю.

20

Як многа ў Цябе дабротаў, якія Ты прыхаваў тым, што баяцца Цябе, і якія Ты падрыхтаваў тым, што на Цябе спадзяюцца перад сынамі чалавечымі!

21

Ты хаваеш іх пад аслонай аблічча Твайго ад людзкіх бунтаў; хаваеш іх у зацішку ад ліхіх языкоў.

22

Дабраславёны Гасподзь, што ўчыніў мне дзівосны Свой мілажаль ва ўмацаваным горадзе!

23

У сумненьні маім я думаў: адхілены я ад вачэй Тваіх; але Ты пачуў голас малітвы маёй, калі я паклікаў Цябе.

24

Любеце Госпада, усе праведнікі Ягоныя; Гасподзь ахоўвае верных, а пагарднікам зь лішкам вяртае.

25

Будзьце мужныя, і хай мацуецца сэрца ваша, усе, хто надзею на Госпада мае!