Псалмы 29

1

Псальма Давідава пры абнаўленьні дома.

2

Услаўлю Цябе, Госпадзе, што Ты падняў мяне і ня даў маім ворагам перамагчы мяне.

3

Госпадзе Божа мой! я паклікаў Цябе, і Ты мяне вылечыў.

4

Госпадзе! Ты вывеў зь пекла душу маю і ажывіў мяне, каб я ня сышоў у магілу.

5

Сьпявайце Госпаду, сьвятыя Ягоныя, слаўце памяць сьвятыні Ягонай,

6

бо на хвіліну гнеў Ягоны, на ўсё жыцьцё ўпадабаньне Ягонае: увечары пачынаецца плач, а на раніцу — радасьць.

7

І я казаў у дабрадзействе маім: "не пахіснуся вавек".

8

Па ўпадабаньні Тваім, Госпадзе,Ты ўмацаваў гару маю; але Ты схаваў аблічча Тваё, і я сумеўся:

9

Тады Цябе, Госпадзе, я клікаў, і Госпада майго я маліў:

10

"якая карысьць у крыві маёй, калі я сыду ў магілу? ці ж будзе тло маё Цябе славіць? ці будзе ўзьвяшчаць Тваю праўду?

11

пачуй, Госпадзе, і памілуй мяне, Госпадзе! будзь мне памочнікам".

12

І Ты скаргі мае абярнуў у радасьць, вярэту маю зьняў зь мяне і аперазаў мяне весялосьцю,

13

хай славіць Цябе душа мая і хай не змаўкае. Госпадзе Божа мой! буду славіць Цябе вечна.