Псалмы 22

1

Псальма Давідава. Гасподзь — Пастыр мой; я ніякай нястачы ня мецьму:

2

Ён пасьвіць мяне на пашах зялёных, на ціхія воды водзіць мяне.

3

Ён душу маю мацуе, кіруе мяне на сьцежкі праўды дзеля імя Свайго.

4

Калі я пайду далінай сьмяротнага ценю, не ўбаюся ліха, бо Ты са мною; Тваё жазло і Твой посах — яны супакойваюць мяне.

5

Ты перада мною паставіў трапезу на вачах у маіх ворагаў; намасьціў алеем галаву маю; чара мая перапоўнена.

6

Так, ласка і мілажаль хай будуць са мною ва ўсе дні жыцьця майго, і я буду ў доме Гасподнім многія дні.