Псалмы 2

1

Псальма Давідава. Навошта бунтуюць народы, і намышляюць плямёны марнае?

2

Паўстаюць зямныя цары, і ўмаўляюцца разам князі супраць Госпада і супраць Памазанца Ягонага:

3

"Парвёмце ж іхнія кайданы і скінем зь сябе іхнія аковы".

4

Той, Хто ў нябёсах жыве, пасьмяецца, Гасподзь паганьбіць іх.

5

Тады Ён у гневе Сваім скажа ім, і лютасьцю Сваёй іх настрашыць;

6

"Я памазаў Цара Майго над Сіёнам, сьвятою гарою Маёю.

7

Я абвяшчу пастанову: Гасподзь сказаў Мне: "Ты Сын Мой; Я сёньня Цябе спарадзіў;

8

прасі ў Мяне, і дам народы ў спадчыну Табе, і ўладаньні Твае — аж па край зямлі!

9

Ты паб'еш іх жалезным жазлом, патаўчэш іх, як посуд ганчарны".

10

Дык вось — урымсьціцеся, цары; навучэцеся, судзьдзі зямныя,

11

служэце Госпаду богабаязна, і радуйцеся з трымценьнем.

12

Ушануйце Сына, каб Ён не загневаўся, і каб не загінуць вам у дарозе вашай, бо гнеў Ягоны загарыцца неўзабаве. Шчасныя ўсе, хто на Яго спадзяецца.