Псалмы 17

1

Кіроўцу хору. Раба Гасподняга Давіда, калі ён прамовіў ад Госпада словы гэтай песьні ў той дзень, як Гасподзь вызваліў яго з рук усіх ягоных ворагаў і з рукі Саўлавай. І ён сказаў:

2

палюблю Цябе, Госпадзе, моц мая!

3

Гасподзь мой прытулак і цьвярдыня мая, мой Бог — скала мая; на Яго я спадзяюся, шчыт мой, рог ратунку майго і прытулак мой.

4

Паклічу Госпада, годнага пакланеньня, і ад ворагаў маіх уратуюся.

5

Агарнулі мяне пакуты сьмяротныя, і патокі бяспраўя напалохалі мяне;

6

ланцугі пекла аблеглі мяне, і сеткі сьмерці аблыталі мяне.

7

У цеснаце маёй паклікаў я Госпада, і да Госпада майго зьвярнуўся. І пачуў Ён зь сьвятых харомаў Сваіх голас мой, і енк мой дайшоў да слыху Ягонага.

8

Затрэслася і захісталася зямля; уздрыгнулі і зрушыліся асновы гор; бо ўгневаўся Бог;

9

падняўся дым ад гневу Ягонага, і з вуснаў Ягоных вагонь пажыральны; гарачае вугольле сыпалася зь Яго.

10

Нахіліў Ён нябёсы і сышоў, і змрок — пад нагамі ў Яго.

11

І сеў на херувімаў і паляцеў, і памчаўся на крылах ветру.

12

І зрабіў сваёю заслонаю змрок, і ценем вакол Сябе змрок водаў, хмараў нябесных.

13

Ад бляску, што прад Ім, уцякалі аблокі Ягоныя, град і вугольле вогненнае.

14

І загрымеў у нябёсах Гасподзь, і падаў Усявышні Свой голас, град і вогненнае вугольле.

15

Пусьціў стрэлы Свае, і расьсеяў іх, мноства маланак, і рассыпаў іх.

16

І сталіся крыніцы водаў, і адчыніліся асновы сусьвету ад грознага голасу Твайго, Госпадзе, ад подыху гнеўнага духу Твайго.

17

Ён працягнуў з вышыні Сваю руку і ўзяў мяне, і дастаў мяне з многіх водаў,

18

уратаваў мяне ад ворага майго дужага і ад ненавісьнікаў маіх, якія былі дужэйшыя за мяне.

19

Яны паўсталі на мяне ў дзень няшчасьця майго, але Гасподзь быў мне апораю.

20

Ён вывеў мяне на шырокае месца і вызваліў мяне; бо ўпадабаў мяне.

21

Даў мне Гасподзь паводле праўды маёй, па чысьціні рук маіх узнагародзіў мяне;

22

бо я трымаўся дарог Гасподніх і ня быў бязбожны прад Богам маім;

23

бо ўсе наказы Ягоныя перада мною, і ад пастановаў Ягоных я не адступаўся.

24

Я быў прад Ім беззаганны і асьцерагаўся, каб не зграшыць,

25

і даў мне Гасподзь паводле праўды маёй, па чысьціні рук маіх прад вачыма Ягонымі.

26

Зь літасьцівым Ты літасьцівы, з чалавекам шчырым — шчыры,

27

з чыстым — чысты, а з хітрым — паводле хітрыны ягонай.

28

Бо Ты людзей прыгнечаных цешыш, а вочы пагардлівыя прыніжаеш.

29

Ты запальваеш сьветач мой, Госпадзе; Бог мой прасьвятляе цемру маю.

30

З табою я пабіваю войска, з Богам маім узыходжу на мур.

31

Бог! — Беззаганны шлях Ягоны, чыстае слова ў Госпада; Ён шчыт усім, хто на Яго спадзяецца.

32

Бо хто Бог, апрача Госпада, і хто абарона, апрача Бога нашага?

33

Бог апаясвае мяне сілаю і пракладае мне правільны шлях,

34

робіць ногі мае, як у аленя, і на вышынях маіх становіць мяне;

35

вучыць рукі мае змагацца, і мышцы мае ламаюць лук медны.

36

Ты даў мне шчыт ратунку Твайго, і правіца Твая падтрымлівае мяне, і міласьць Твая ўзьвялічвае мяне.

37

Ты пашыраеш крок мой пада мною, і ня хістаюцца ногі мае.

38

Я перасьледую ворагаў маіх і даганяю іх, і не вяртаюся, пакуль ня вынішчу іх;

39

пабіваю іх, і ня могуць яны падняцца; пападаюць пад ногі мае,

40

бо Ты аперазаў мяне сілаю для вайны і кінуў пад ногі мне тых, што на мяне паўсталі;

41

ты павярнуў да мяне тылам ворагаў маіх; і я зьнішчаю тых, што ненавідзяць мяне:

42

яны лямантуюць, ды няма каму іх ратаваць; да Госпада — але Ён ня слухае іх;

43

я расьсейваю іх, як пыл перад абліччам ветру, як вулічны бруд тапчу іх.

44

Ты збавіў мяне ад бунту народу, паставіў мяне галавою іншапляменцаў; народ, якога я ня ведаў, служыць мне;

45

па адной чутцы пра мяне скараюцца мне; чужынцы лісьлівяцца перада мною.

46

Іншапляменцы бялеюць і трымцяць ва ўмацаваньнях сваіх.

47

Жывы Гасподзь, і дабраславёны мой абаронца! Хай будзе ўслаўлены Бог ратунку майго.

48

Бог, Які помсьціць за мяне і ўпакорвае мне народы,

49

і вызваляе мяне ад ворагаў маіх! Ты ўзьнёс мяне над тымі, хто паўстае супраць мяне, і ад чалавека жорсткага мяне выбавіў.

50

За гэта праслаўлю Цябе, Госпадзе, сярод іншапляменцаў і буду сьпяваць імю Твайму;

51

таму, хто велічна ратуе цара і творыць міласьць памазанцу Твайму Давіду і роду Ягонаму навечна.