Псалмы 16

1

Малітва Давідава. Пачуй, Госпадзе, праўду маю, уважы скарзе маёй, прымі мальбу з вуснаў неманлівых!

2

Ад аблічча Твайго хай будзе мне суд; хай паглядзяць вочы Твае на справядлівасьць.

3

Ты праверыў сэрца маё, ноччу мяне наведаў, выпрабаваў мяне, і не знайшоў анічога; ад думак маіх не адступаюцца вусны мае.

4

У дзеях людзскіх, па слове вуснаў Тваіх, я ахоўваў сябе ад шляхоў прыгнятальніка.

5

Умацуй мае крокі на дарогах Сваіх, хай ногі мае не пахіснуцца.

6

Да Цябе заклікаю, бо Ты пачуеш мяне, Божа; прыхілі Тваё вуха да мяне, пачуй словы мае.

7

Пакажы Тваю літасьць дзівосную; Ратаўнік тых, што на Цябе спадзяюцца, ад тых, што супрацівяцца правіцы Тваёй;

8

ахавай мяне, як вока; у цяні Тваіх крылаў аслані мяне

9

ад бязбожных, што на мяне нападаюць, — ад ворагаў душы маёй, што абступілі мяне:

10

яны замкнуліся ў тлушчы сваім, пагардліва гавораць вуснамі сваімі.

11

На кожным кроку нашым цяпер абступаюць нас; напружылі вочы свае, каб скінуць мяне на зямлю;

12

яны падобныя на ільва, што прагне здабычы, падобныя на ільвяня, што сядзіць у схованцы.

13

Паўстань, Госпадзе, папярэдзь іх, скінь іх. Выбаві душу маю ад бязбожнага мечам Тваім,

14

ад людзей — рукою Тваёю, Госпадзе, ад людзей сьвету, чыя доля, у гэтым жыцьці, чыё чэрава Ты напаўняеш са скарбонак Тваіх; сыны іхнія сытыя, і рэшту пакінуць дзецям сваім.

15

А я ў праўдзе буду глядзець на аблічча Тваё; прачнуўшыся, буду насычацца вобразам Тваім.