Псалмы 15

1

Залатая песьня Давідава. Барані мяне, Божа; бо я на Цябе спадзяюся.

2

Я сказаў Госпаду: Ты Гасподзь мой; даброты мае Табе не патрэбныя.

3

Да сьвятых на зямлі і да дзівосных Тваіх — да іх уся зычлівасьць мая.

4

Хай памножацца смуткі ў тых, што цякуць да бога чужога; я ня вылью крывавых ахвяраў іхніх, і не спамяну іх імёнаў вуснамі маімі.

5

Гасподзь — частка спадчыны маёй і чары маёй. Ты трымаеш долю маю.

6

Межы мае прайшлі па цудоўных мясьцінах, і спадчына мая мне прыемная.

7

Дабраслаўлю Госпада, Які навучыў мяне; нават і ноччу ўшчувае мяне нутрына мая.

8

Заўсёды перад сабою я Госпада бачыў, бо Ён праваруч мяне; не пахіснуся.

9

Таму ўзрадавалася сэрца маё; і ўзьвесяліўся мой язык; нават і цела маё супакоіцца ў спадзяваньні;

10

бо Ты не пакінеш душы мае ў пекле і не дасі сьвятому Твайму ўбачыць тленьне.

11

Ты пакажаш мне шлях жыцьцёвы: паўната радасьці прад абліччам Тваім, шчасьце ў правіцы Тваёй навечна.