Псалмы 149

1

Алілуя. Сьпявайце Госпаду песьню новую; слава Яму на сходні сьвятых.

2

Хай радуецца Ізраіль за Творцу свайго; сыны Сіёна хай радуюцца за Цара свайго.

3

Хай хваляць імя Ягонае скокамі; на тымпане і арфе хай сьпяваюць Яму,

4

бо дабраволіць Гасподзь народу Свайму, праслаўляе пакорных ратункам.

5

Хай радуюцца сьвятыя ў славе, хай сьпяваюць на ложках сваіх.

6

Хай будуць праслаўленьні Богу ў іхніх вуснах, і меч двусечны ў руцэ іхняй,

7

каб помсьціць народам, караць плямёны,

8

закоўваць цароў іхніх у кайданы і вяльможаў іхніх — у путы жалезныя,

9

чыніць над імі суд пісаны. Гонар гэты — усім сьвятым Ягоным. Алілуя.