Псалмы 142

1

Псальма Давіда, калі яго перасьледаваў сын ягоны Авэсалом. Госпадзе, пачуй малітву маю, уваж маленьню майму па праўдзе Тваёй; пачуй мяне па праўдзе Тваёй

2

і не ўваходзь у суд з рабом Тваім, бо не апраўдаецца прад Табою ніводзін жывы.

3

Вораг перасьледуе душу маю, затаптаў у зямлю жыцьцё маё, прымусіў мяне жыць у цемры, як даўно памерлых,

4

і засмуціўся ўва мне дух мой, зьнямела ўва мне сэрца маё.

5

Прыгадваю дні мінулыя, думаю пра ўсе дзеі Твае, разважаю пра дзеі рук Тваіх,

6

працягваю да Цябе рукі мае; душа мая — да Цябе, як перасохлая зямля.

7

Хутчэй пачуй мяне, Госпадзе: дух мой зьнемагае; не хавай аблічча Твайго ад мяне, каб я не спадобіўся тым, што ў магілу ідуць.

8

Дай мне рана пачуць ласку Тваю, бо я на Цябе спадзяюся. Пакажы мне, Госпадзе, дарогу, па якой мне ісьці, бо да Цябе я ўзношу душу маю.

9

Вызвалі мяне, Госпадзе, ад ворагаў маіх; да Цябе прыбягаю.

10

Навучы мяне выконваць волю Тваю, бо Ты — Бог мой; Дух Твой добры вядзе мяне ў зямлю праўды.

11

Дзеля імя Твайго, Госпадзе, ажыві мяне; дзеля праўды Тваёй выведзі зь нягоды душу маю

12

і зь літасьці Тваёй зьлічы ворагаў маіх, і загубі ўсіх, што ўціскаюць душу маю, бо я — Твой раб.