Псалмы 140

1

Псальма Давідава. Госпадзе! да Цябе заклікаю; пасьпяшайся да мяне, уваж голасу маленьня майго, калі клічу Цябе.

2

Хай пойдзе малітва мая, як фіміям, да аблічча Твайго, уздыманьне рук маіх — як ахвяра вячэрняя.

3

Пакладзі, Госпадзе, ахову на вусны мае, і аслані дзьверы вуснаў маіх;

4

ня дай нахіліцца сэрцу майму да словаў падступных, і на перапросіны дзеяў грахоўных і людзей, што беззаконьне ўчыняюць, і хай не скаштую я іхніх прысмакаў.

5

Хай карае мяне праведнік: гэта — міласьць; хай выкрывае мяне: гэта — найлепшы алей, які не пашкодзіць галаве маёй; а малітвы мае — супраць зладзействаў іхніх.

6

іхнія правадыры рассыпаліся па скалах, і чуюць, што словы мае лагодныя.

7

Быццам зямлю расьсякаюць і трушчаць нас; сыплюцца косткі нашыя ў шчэлепы апраметнай.

8

Але да Цябе, Госпадзе, Госпадзе, вочы мае; на Цябе спадзяюся, не адкінь душы маёй!

9

Ахавай мяне ад пастак, пастаўленых на мяне, ад цянётаў беззаконцаў.

10

Хай трапяць бязбожнікі ў сеткі свае, а я перайду.