Псалмы 138

1

Кіроўцу хору. Псальма Давідава. Госпадзе! Ты выпрабаваў мяне і ведаеш.

2

Ты ведаеш, калі я сядаю і калі ўстаю; Ты разумееш думкі мае здалёк.

3

Ці іду я, ці адпачываю, — Ты акружаеш мяне і ўсе дарогі мае Табе вядомыя.

4

Яшчэ слова няма на мове маёй, — Ты, Госпадзе, ужо ведаеш яго дасканала.

5

Ззаду і сьпераду атачыў Ты мяне і кладзеш на мяне руку Тваю.

6

Дзіўнае мне Тваё веданьне — высока, дасягнуць яго не магу!

7

Куды пайду ад Духа Твайго, ад аблічча Твайго куды ўцяку?

8

Ці на неба ўзыду — Ты там; ці сыду ў апраметную — і там Ты.

9

Ці вазьму крылы золку і перасялюся на край мора, —

10

і там рука Твая мяне павядзе, і ўтрымае мяне правіца Твая.

11

Ці скажу: можа, цемра ўкрые мяне, і сьвятло навокал мяне зробіцца ноччу;

12

але і цемра Цябе ад мяне не зацемрыць, і ноч сьветлая, быццам дзень; як цемра, так і сьвятло.

13

Бо Ты ўладзіў вантробы мае і выткаў мяне ў чэраве маці маёй.

14

Слаўлю Цябе, бо я дзівосна зладжаны. Дзівосныя дзеі Твае, і душа мая ўсьведамляе гэта,

15

Не схаваны былі ад Цябе косткі мае, калі мяне ў таямніцы стваралі, складалі мяне ў глыбіні нутрыны.

16

Зародак мой бачылі вочы Твае; у Тваёй кнізе запісаны ўсе дні, мне назначаныя, калі ніводнага зь іх яшчэ ня было.

17

Якія ўзьнёслыя для мяне намеры Твае, Божа, і як многа іх лікам!

18

Ці ж палічу іх, калі іх больш, чым пяску, калі прачынаюся, я ўсё Яшчэ з Табою.

19

О, калі б Ты, Божа, пабіў бязбожнага! Адыдзеце ад мяне, крыважэрныя!

20

Яны гавораць супроць Цябе бязбожна; марнае намышляюць ворагі Твае.

21

Ці ж мне ненавідзець Тваіх ненавісьнікаў, Госпадзе, і не пагрэбаваць тымі, што паўстаюць на Цябе?

22

Поўнаю нянавісьцю ненавіджу іх; ворагі яны мне.

23

Выпрабуй мяне, Божа, і ўведай сэрца маё; выпрабуй мяне, і ўведай намеры мае.

24

і глядзі, ці дарога мая бясьпечная, і накіруй мяне на шлях вечны.