Псалмы 137

1

Давідава. Слаўлю Цябе ўсім сэрцам маім, перад багамі сьпяваю Табе,

2

кланяюся перад сьвятым храмам Тваім, і слаўлю імя Тваё за ласку Тваю і за праўду Тваю; бо Ты праславіў слова Тваё вышэй за ўсякае найменьне Тваё.

3

У дзень, калі я паклікаў, Ты пачуў мяне; усяліў у душу маю бадзёрасьць.

4

Праславяць Цябе, Госпадзе, усе цары зямныя, калі пачуюць словы вуснаў Тваіх

5

і апяюць шляхі Гасподнія, бо вялікая слава Гасподняя.

6

Высокі Гасподзь: і пакорнага бачыць, і гардзея здалёк пазнае.

7

Калі я пайду сярод нягодаў, Ты ажывіш мяне, на ятру ворагаў маіх пашлеш руку Тваю і ўратуе мяне правіца Твая.

8

Гасподзь зробіць за мяне! Ласка Твая, Госпадзе, вечная; дзеяў рук Тваіх не пакідай.