Псалмы 136

1

Над рэкамі Вавілона, там сядзелі і плакалі мы, калі згадвалі пра Сіён.

2

На вербах пасярод яго павесілі мы свае арфы.

3

А тыя, што нас паланілі, песьняў ад нас патрабавалі, а нашыя прыгнятальнікі — весялосьці: "пасьпявайце нам зь песьняў Сіёна".

4

Як нам сьпяваць Гасподнюю песьню на чужынскай зямлі?

5

Калі забуду цябе, Ерусаліме, хай забудзе мяне правіца мая;

6

хай прыліпне язык мой да паднябеньня, калі помніць цябе я ня буду, калі не пастаўлю Ерусаліма на чале весялосьці маёй.

7

Прыгадай, Госпадзе, сынам Эдомавым дзень Ерусаліма, калі казалі яны: "руйнуйце, руйнуйце да падмурка яго".

8

Дачка Вавілона, спусташальніца! дабрашчасны, хто ўдзеліць табе за тое, што зрабіла ты нам!

9

Дабрашчасны, хто возьме й заб’е немаўлятак тваіх аб камень!