Псалмы 128

1

Песьня ўзыходжаньня. Шмат уціскалі мяне зь юнацтва майго, хай скажа Ізраіль:

2

шмат уціскалі мяне зь юнацтва майго, але не адолелі мяне.

3

На хрыбце маім аралі аратыя, вялі доўгія барозны свае.

4

Але Гасподзь справядлівы; Ён расьсек путы бязбожнікаў.

5

Хай пасаромяцца і павернуць назад усе ненавісьнікі Сіёна.

6

Хай будуць, як трава на дахах, якая раней, чым вырвана будзе, засыхае,

7

якою жнец не напоўніць рукі сваёй, а хто вяжа снапы — жмені сваёй;

8

і хто праходзіць міма, ня скажа: дабраславеньне Гасподняе на вас; дабраслаўляем вас імем Гасподнім!