Псалмы 123

1

Песьня ўзыходжаньня. Давідава. Калі б не Гасподзь быў з намі, — хай скажа Ізраіль, —

2

калі б не Гасподзь быў з намі, калі паўсталі на нас людзі, —

3

дык жывых нас яны праглынулі б, калі загарэлася ў іх ятра на нас;

4

воды патапілі б нас, паток прайшоў бы над душою нашаю;

5

прайшлі б над душою нашаю воды бурлівыя.

6

Дабраславёны Гасподзь, Які ня даў нас на здабычу іхнім зубам!

7

Душа наша вызвалілася, як птушка, зь сеткі лавецкай; сетка парвана, і мы вызваліліся.

8

Дапамога нашая ў імені Госпада, Які стварыў неба й зямлю.