Псалмы 113

1

Алілуя. Калі выйшаў Ізраіль зь Егіпта, дом Якава — з народу іншапляменнага,

2

Юда зрабіўся сьвятыняю Ягонаю, Ізраіль — валоданьнем Ягоным.

3

Мора ўгледзела, і пабегла; Ярдан павярнуўся назад.

4

Горы скакалі, як бараны, і пагоркі, як ягняткі.

5

Што з табою, мора, чаго ты пабегла, і з табою, Ярдане, чаго павярнуўся назад?

6

Чаго вы скачаце, горы, як бараны, і вы, пагоркі, як ягняткі?

7

Прад абліччам Госпада дрыжы, зямля, прад абліччам Бога Якава,

8

Які ператварае скалу ў возера вады і камень — у крыніцу вады.

9

Ня нам, Госпадзе, ня нам, а імю Твайму дай славу, дзеля ласкі Тваёй, дзеля праўды Тваёй.

10

Навошта язычнікі кажуць: дзе ж іхні Бог?

11

Бог наш на небе і на зямлі; творыць усё, што хоча.

12

А іхнія ідалы — срэбра і золата, творы рук чалавечых.

13

Ёсьць у іх вусны, але не гавораць; ёсьць у іх вочы, але ня бачаць;

14

ёсьць у іх вушы, але ня чуюць; ёсьць у іх ноздры, але нюху няма;

15

ёсьць у іх рукі, але не адчуваюць; ёсьць у іх ногі, але ня ходзяць; і яны гукаў не выдабываюць з горла свайго.

16

Няхай будуць да іх падобныя тыя, што іх робяць, і ўсе, хто на іх спадзяецца.

17

Доме Ізраілеў! спадзявайся на Госпада; Ён — нам дапамога і шчыт.

18

Доме Ааронаў! спадзявайся на Госпада; Ён — нам дапамога і шчыт.

19

Хто баіцца Госпада! спадзявайся на Госпада; Ён — нам дапамога і шчыт.

20

Гасподзь нас памятае, дабраслаўляе нас, дабраслаўляе Ізраілеў дом, дабраслаўляе Ааронаў дом;

21

дабраслаўляе тых, што баяцца Госпада, малых і вялікіх.

22

Няхай дадасьць вам Гасподзь болей і болей, вам і дзецям вашым,

23

дабраславёныя вы Госпадам, Які стварыў неба і зямлю.

24

Неба — неба Госпаду, а зямлю Ён даў сынам чалавечым.

25

Ня мёртвыя ўславяць Госпада, ні ўсё, што ў магілу сыходзіць,

26

а мы жывыя дабраслаўляцьмем Госпада ад сёньня і давеку. Алілуя.