Псалмы 109

1

Псальма Давідава. Сказаў Гасподзь Госпаду майму: сядзі праваруч Мяне, пакуль пакладу ворагаў Тваіх у падножжа ног Тваіх.

2

Жазло сілы Тваёй пашле Гасподзь зь Сіёна: валадары сярод ворагаў Тваіх.

3

У дзень моцы Тваёй народ Твой гатовы ў аздобах сьвятыні; з улоньня дзяньніцы падобнае да расы Тваё нараджэньне.

4

Прысягаўся Гасподзь і не раскаецца: Ты Сьвятар навекі паводле абраду Мэлхісэдэкавага.

5

Гасподзь праваруч Цябе. Ён у дзень гневу Свайго пакарае цароў;

6

учыніць суд над народамі, напоўніць зямлю трупамі, раструшчыць галаву ў зямлі шырокай.

7

З патока на дарозе будзе піць, і таму падыме галаву.