Псалмы 108

1

Кіроўцу хору. Псальма Давідава/ Божа хвалы маёй! не прамаўчы,

2

бо разьзявіліся на мяне вусны бязбожныя і вусны падступныя;

3

адусюль атачылі мяне словамі нянавісьці, узбройваюць супраць мяне бяз прычыны;

4

за любоў маю ваююць супраць мяне; а я малюся;

5

аддаюць мне злом за дабро, за любоў маю — нянавісьцю.

6

Пастаў над імі бязбожнага, і д’ябал хай стане праваруч яго.

7

Калі будзе судзіцца, хай будзе вінаваты, і малітва ягоная няхай стане грэхам;

8

хай дні ягоныя будуць кароткія, і пасад ягоны іншы хай прыймае;

9

дзеці ягоныя няхай будуць сіротамі, а жонка ягоная — удавою;

10

хай бадзяюцца дзеці ягоныя і жабруюць, і просяць хлеба з руінаў сваіх;

11

хай захопіць ліхвяр усё, што ёсьць у яго, хай другія захопяць працу ягоную;

12

хай ніхто яму не паспагадае; хай ніхто ня зьлітуецца зь сіротаў ягоных;

13

хай будуць нашчадкі ягоныя на пагібель, і хай забудзецца іхняе імя ў наступным родзе;

14

хай згадаецца прад Госпадам беззаконьне бацькоў ягоных, і грэх маці ягонай хай не загладзіцца;

15

хай будуць заўсёды яны ў вачах Госпада, і хай вынішчыць Ён на зямлі пра іх памяць

16

за тое, што ён ня думаў пра літасьць, а гнаў чалавека беднага і ўбогага і зламанага сэрцам, каб забіць яго;

17

палюбіў праклён, і праклён спадобіць яго; не захацеў дабраславеньня, яно ад яго і адыдзе;

18

хай у пракляцьце апранецца, быццам у рызу, і хай увойдзе яно, як вада, у нутробу ягоную і, як алей, у косткі ягоныя;

19

хай будзе яно яму, нібы вопратка, у якую ён апранецца, і як пояс, якім заўсёды перапаясваецца.

20

Такая аддача ад Госпада ворагам маім і тым, што ліхасловяць душу маю!

21

Са мною, Госпадзе, Госпадзе, чыні дзеля імя Твайго, бо добрая міласьць Твая; уратуй мяне,

22

бо я бедны і ўбогі, і сэрца маё паранена ўва мне.

23

Я зьнікаю, быццам цень, калі хіліцца дзень, гоняць мяне, як саранчу.

24

Калені мае зьнемаглі ад посту, і цела маё засталося бяз тлушчу.

25

Я зрабіўся для іх пасьмешышчам; убачыўшы мяне, галовамі круцяць.

26

Памажы мне, Госпадзе, Божа мой; уратуй мяне з ласкі Тваёй,

27

хай уведаюць, што гэта Твая рука, і што Ты, Госпадзе, учыніў гэта.

28

Яны праклінаюць, а Ты дабраславі; яны паўстаюць, але няхай будуць пасаромленыя; а раб Твой хай радуецца.

29

Хай апрануцца праціўнікі мае ў ганьбу і, як вопраткаю, хай накрыюцца сорамам сваім.

30

І я голасна буду вуснамі сваімі славіць Госпада і сярод мноства Яго праслаўляць:

31

бо Ён стаіць праваруч беднага, каб ратаваць яго ад судзьдзяў душы ягонай.